«„Служыць і абараняць“ — ня проста лёзунг. Гэта павінна быць падмацавана адпаведнымі прафэсійнымі дзеяньнямі. Асабліва ў крытычныя моманты, калі ад гэтага залежаць жыцьці людзей», — напісаў Кліменка.
Кіраўнік Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны Іван Выгоўскі заявіў, што расьсьледаваньне пачата, а паліцыянты адхіленыя ад службы.
У другой палове дня стала вядома, што кіраўнік патрульнай паліцыі Ўкраіны Яўген Жукаў падаў у адстаўку. Пра сваё рашэньне ён абвясьціў на прэс-канфэрэнцыі, паведамляе РБК-Украіна.
«Я як баявы афіцэр прыняў рашэньне падаць рапарт на звальненьне з пасады, якую займаю. Думаю, так будзе справядліва», — сказаў Жукаў.
Ён назваў ганебнымі дзеяньні былых падначаленых, якія пакінулі ў небясьпецы параненых.
Цяпер у бальніцах застаюцца восем пацярпелых у выніку стральбы, сярод іх адно дзіця. «Сярод дарослых адзін пацярпелы — у вельмі цяжкім стане, трое — у цяжкім, яшчэ трое — у стане сярэдняй цяжкасці», — паведаміў мэр Кіева Віталь Клічко.
Увечары ў суботу 18 красавіка ў Кіеве мужчына адкрыў страляніну па мінаках на вуліцы і захапіў супэрмаркет, узяўшы закладнікаў. Ён не выстаўляў ніякіх патрабаванняў. Адначасова ў кватэры, дзе ён быў зарэгістраваны, адбыўся пажар. Нападнік быў забіты падчас штурму супэрмаркету. Яго ахвярамі сталі шэсьць чалавек, каля 15 атрымалі раненьні.