Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: дзень памяці Вітаўта Мартыненкі, заснавальніка першага беларускага рок-клюбу

Вітаўт Мартыненка
Вітаўт Мартыненка

Падзеі 17 красавіка ў беларускай і ўсясьветнай гісторыі.

Дата дня

17 красавіка 2016 году памёр музычны журналіст Вітаўт Мартыненка.

Нарадзіўся ён у Менску ў 1959 годзе, адвучыўся на факультэце журналістыкі БДУ. Вядомы як папулярызатар беларускай рок-музыкі, суаўтар кніг «Праз рок-прызму» (1989, Нью-Ёрк) і «222 альбомы беларускага року і ня толькі» (2006, Менск) разам з Анатолем Мяльгуем, аўтар кнігі «Rock On-line» (2010, Менск).

Працаваў у моладзевай газэце «Чырвоная зьмена» (1982–1994), дзе ад 1983 году вёў музычную рубрыку; супрацоўнічаў з Радыё Свабода (1989–1995); быў намесьнікам галоўнага рэдактара газэты «Кинонеделя Минска» (1994–1997); кансультаваў лэйбл «БМАgroup» (1994–2006).

Супольна з Анатолем Мяльгуем арганізаваў першы беларускі рок-клюб «Няміга» (1985–2003), удзельнічаў у арганізацыі фэстываляў «Тры колеры» і «Басовішча».

У некаторых крыніцах сьцьвярджаецца, што гэта ён пачаў ужываць азначэньне «беларускі рок». Доўга хварэў на цукровы дыябэт, памёр у 2016 годзе, пахаваны на Паўночных могілках Менску.

Таксама ў гэты дзень

1905 — расейскі імпэратар Мікалай ІІ выдаў указ аб верацерпнасьці. Гэты ўказ касаваў рэпрэсіі за пераход з праваслаўя ў іншыя канфэсіі. У выніку ў Беларусі дзясяткі тысяч былых уніятаў адразу перайшлі ў каталіцтва. Працэс гэты набыў такі масавы характар, што царызму давялося стрымліваць яго сіламі тайнай паліцыі.

1932 — заснаваны Цэнтральны батанічны сад у Менску. Рашэньне ўхваліў СНК БССР.

У Батанічным садзе Менску, архіўнае фота
У Батанічным садзе Менску, архіўнае фота

1982 — каралева Лізавета II падпісала закон, які перадаў Канадзе поўнае права самастойна зьмяняць сваю канстытуцыю. Гэта стала апошнім этапам атрыманьня Канадай поўнай незалежнасьці ад Вялікай Брытаніі.зо

2009 — з нагоды перадачы запрашэньня беларускаму кіраўніцтву для ўдзелу ў саміце Ўсходняга партнэрства ў Празе чэскі прэзыдэнт Вацлаў Клаўс заявіў, што не падасьць рукі Аляксандру Лукашэнку.

У гэты дзень нарадзіліся

1917 Леанід Бражнік, опэрны сьпявак (бас), народны артыст Беларусі.

1936 Міхась Рудкоўскі, беларускі паэт і перакладчык.

О, Скарыны зямля, нескароная воляй і духам,
Край Купалы і мілае песьні купальскае край!
Беларусь, Беларусь — мая сьветлая радасьць і скруха,
Шлях мой Млечны, мой росны чаромхавы май!

1981 Юры Жаўноў, прафэсійны футбольны гулец зь Беларусі на пазыцыі брамніка.

У памяці

1790 Бэнджамін Франклін, адзін з айцоў-заснавальнікаў Злучаных Штатаў Амэрыкі.

2012 Віталь Гарановіч, паэт.

Мой народ — як дзічка ў полі,
Людзі — моцныя плады.
Ім вабней пад сонцам волі,
Чым няшчырыя рады.

2014 — у Мэксыцы ва ўзросьце 87 гадоў памёр ляўрэат Нобэлеўскай прэміі ў літаратуры Габрыель Гарсія Маркес.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG