«Гаворка ішла пра тое, што яны там рыхтуюцца да вайны, але фактычна гэта зноў перакладваньне адказнасьці на іншых. То бок Беларусь і Лукашэнка, у прыватнасьці, гавораць, што ім нешта пагражае або з краін Эўропы, або з боку Ўкраіны, хоць ніводная краіна не выказвала агрэсію да Беларусі. Пры гэтым якраз Беларусь падтрымлівае краіну-агрэсарку, у тым ліку ў інфармацыйным полі. Лукашэнка не перастае нагнятаць, магчыма, каб прыцягваць увагу да сваёй пэрсоны», — сказаў сьпікер украінскіх памежнікаў Андрэй Дземчанка ў этэры ўсеўкраінскага тэлемаратону.
Паводле яго, пакуль «нейкай актыўнасьці на тэрыторыі Беларусі, у тым ліку ў кірунку мяжы з Украінай, не фіксуюць».
«Вядома ж, гэты кірунак для нас застаецца пагрозьлівым, бо пакуль Беларусь будзе падтрымліваць Расею, мы павінны быць гатовыя да разьвіцьця якіх-хаця сытуацыяў, таму і працягваем нарошчваць нашыя абарончыя магчымасьці на ўсёй працягласьці мяжы зь Беларусьсю, а гэта больш за тысячу кілямэтраў ад Валыні да Чарнігаўшчыны», — дадаў Андрэй Дземчанка.
Аляксандар Лукашэнка на нарадзе з удзелам больш за 300 вайскоўцаў 1 красавіка заявіў, што Беларусь рыхтуецца да вайны. «Ніякага мірнага часу быць ня можа. Мы рыхтуемся да вайны. І ў гэтай аўдыторыі, і ня толькі ў гэтай, людзі павінны разумець — мы абсалютна супраць вайны. Асабліва нашы афіцэры, нашы салдаты, Узброеныя сілы. Бо мы ведаем, што такое вайна», — сказаў Лукашэнка.
- Улады Беларусі падтрымалі агрэсію Расеі 24 лютага 2022 году, дазволіўшы скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны.
- Паводле крытэраў Жэнэўскай канвэнцыі, Беларусь ня ёсьць удзельніцай расейскай агрэсіі супраць Украіны, бо беларускіх Узброеных сілаў на тэрыторыі Ўкраіны няма. Аднак пры наяўнасьці іншых доказаў (дапамога вайсковай прамысловасьці, лячэньне параненых расейскіх вайскоўцаў) міжнародны суд можа прызнаць Беларусь суагрэсаркай.
- У той жа час грамадзяне Беларусі ваююць на баку як Расеі, гэтак і Ўкраіны. Дакладная іх колькасьць невядомая.
- За гэты час ва Ўкраіне, паводле розных ацэнак, загінулі больш за 80 грамадзян Беларусі і этнічных беларусаў з украінскім грамадзянствам, якія змагаліся супраць Расеі (імёнаў шэрагу загінулых не называюць дзеля бясьпекі іхных сваякоў у Беларусі. — РС), а таксама больш за сотню тых, хто ваяваў на баку Расеі.
Форум