Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускіх добраахвотнікаў з падразьдзелу «1514» адзначылі ўзнагародамі вайсковай выведкі Ўкраіны

Шаўрон падразьдзелу «1514»
Шаўрон падразьдзелу «1514»

У Галоўным упраўленьні выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны паведамілі, што беларускія добраахвотнікі з падразьдзелу «1514» атрымалі баявыя ўзнагароды і новыя вайсковыя званьні.

«Тым, хто прайшоў навучаньне і забясьпечвае эфэктыўнасьць падразьдзелу, — шаўроны падразьдзелу „1514“. Тым, хто ўжо быў у баі і атрымаў раненьні — спэцыяльныя шаўроны „з крывёй“ — чырвонай, як кроў адзнакай», — адзначаецца ў паведамленьні вайсковай выведкі Ўкраіны.

У выведцы дадалі, што параненыя «пасьля аднаўленьня, аналізу набытага досьведу і ўрачыстай клятвы» вяртаюцца на фронт і працягваюць «зьнішчаць акупантаў на ўкраінскай зямлі».

Што вядома пра падразьдзел «1514»

У складзе падразьдзелу служаць ня толькі грамадзяне Беларусі, а і Ўкраіны — этнічныя беларусы, якія жывуць ва Ўкраіне зь дзяцінства. Яго камандзірам зьяўляецца Андрэй Трацэўскі, у мінулым футбольны фанат. Разам з Радзівонам Батуліным засноўваў «Беларускі добраахвотніцкі корпус» (у сьнежні 2023 году сілавікі Беларусі прызналі гэты падразьдзел «экстрэмісцкім фармаваньнем». — РС).

Сам падразьдзел уваходзіць у атрад спэцыяльнага прызначэньня Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны. Яго стварылі адразу пасьля поўнамаштабнага расейскага ўварваньня ў 2022 годзе для выкананьня баявых задач на толькі на полі бою, а і на часова акупаваных Расеяй тэрыторыях Украіны.

Усяго ў складзе гэтага падразьдзелу, які яшчэ называюць «Спэцпадразьдзелам Цімура» (па пазыўным яго камандзіра, афіцэра Галоўнага ўпраўленьня выведкі Мінабароны. — РС), прыблізна 20 падразьдзелаў, у тым ліку «Беларускі добраахвотніцкі корпус».

«Спэцпадразьдзел Цімура» удзельнічаў у розных апэрацыях, у тым ліку, па вызваленьні вострава Змяінага, ажыцьцяўляў рэйды ў Крым і Новую Кахоўку і ў іншых.

Падразьдзел «1514» з пачатку 2026 году ваюе на запароскім кірунку, а да гэтага — на харкаўскім. Назву атрада абралі ў гонар бітвы пад Воршай, якая адбылася ў 1514 годзе.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG