Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На парлямэнцкіх выбарах у Вугоршчыне зарэгістраваная рэкордна высокая яўка

Выбарчы ўчастак у Вугоршчыне
Выбарчы ўчастак у Вугоршчыне

У Вугоршчыне раніцай 12 красавіка пачаліся парлямэнцкія выбары. Галасаваньне праходзіць з шасьці раніцы да сямі вечара па мясцовым часе. Больш за восем мільёнаў выбаршчыкаў выбіраюць 199 дэпутатаў Нацыянальнай асамблеі.

Ужо праз гадзіну пасьля адкрыцьця ўчасткаў яўка перавысіла 3%, а да 9 раніцы наблізілася да 17% — гэта самы высокі паказчык для гэтага часу ў сучаснай гісторыі краіны. На мінулых выбарах да 9 раніцы прагаласавалі крыху больш за 10% выбаршчыкаў.

У выбарах бяруць удзел пяць палітычных сіл, кожная зь якіх павінна пераадолець пяціпрацэнтны бар’ер, каб прайсьці ў парлямэнт. Паводле апытаньняў, апроч дзьвюх найбуйнейшых партый, шанцы прайсьці ёсьць толькі ў скрайнеправай «Нашай айчыны».

Галоўная барацьба разгортваецца паміж кіруючай партыяй «Фідэс» на чале з 62-гадовым прэмʼер-міністрам Віктарам Орбанам і апазыцыйнай правацэнтрысцкай партыяй «Тыса» пад кіраўніцтвам 45-гадовага Петэра Мадзяра. Незалежныя апытаньні прадказваюць перамогу «Тысы», у той час як блізкія да ўлады аналітыкі мяркуюць, што «Фідэс» захавае парлямэнцкую большасьць, а Орбан зможа застацца ва ўладзе яшчэ на чатыры гады, падоўжыўшы свой агульны прэмʼерскі тэрмін да 20 гадоў.

Пэтэр Мадзяр — былы паплечнік Орбана, перайшоў у апазыцыю ў 2024 годзе. Яго кампанія засяроджана на ўнутраных праблемах — стане аховы здароўя, транспарце і барацьбе з карупцыяй, а таксама на збліжэньні з Брусэлем, які Орбан вінаваціць ва ўсіх бедах Вугоршчыны ледзь не адразу пасьля перамогі на выбарах у 2010 годзе.

У сваёй кампаніі Мадзяр назваў выбары «рэфэрэндумам», які павінен паказаць, ці працягне Вугоршчына рух у бок Расеі пад кіраўніцтвам Орбана ці вернецца на шлях эўрапейскай дэмакратыі.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG