Пра гэта паведаміла амэрыканская Нацыянальная ўправа аэранаўтыкі і дасьледаваньня касьмічнай прасторы (NASA).
Астранаўтаў Рыда Уайсмэна, Віктара Гловэра, Крыстыну Кок і Джэрэмі Гансэна сустрэла аб’яднаная каманда NASA і вайскоўцаў ЗША. Яны дапамаглі ім пакінуць карабель «Арыён» у адкрытай вадзе і даставілі на борт карабля для мэдычнага абсьледаваньня.
Падчас місіі астранаўты абляцелі Месяц, каб зрабіць фатаздымкі і правесьці навуковыя ды тэхналягічныя экспэрымэнты. Яны ўпершыню выпрабавалі сыстэмы жыцьцезабесьпячэньня карабля «Арыён».
Агулам яны праляцелі больш за 1,1 мільёна кілямэтраў і аддаліліся ад Зямлі на рэкордную адлегласьць за ўсе палёты чалавека ў космас.
Экіпаж зрабіў больш за 7 тысяч фатаздымкаў Месяца і сонечнага зацьменьня. Сярод выяваў — захад і ўзыход Зямлі, ударныя кратэры, старажытныя лявавыя палі, галяктыка Млечны Шлях, а таксама расколіны і каляровыя зьмены на паверхні Месяца.
Запуск карабля адбыўся ў ноч на 2 красавіка паводле менскага часу.
«Артэміда-2» — ключавы элемэнт новай месяцавай праграмы ЗША. Посьпех місіі быў умовай працягу праграмы, у межах якой ужо ў наступным годзе можа быць зьдзейсьнены пілятаваны палёт з пасадкай на Месяцы.
Форум