Падобныя старонкі ўнесьлі ў сьпіс «экстрэмісцкага фармаваньня» «СИЗО № 1 Колядичи», піша праваабарончы цэнтар «Вясна».
У пераліку:
- Telegram: Telegram-чат ID 1168669352, Telegram-чат ID 2338820883, Telegram-чат ID 542733250, Telegram-чат ID 521951391, Telegram-чат ID 1617270969, Telegram-чат ID 1630658694, Telegram-чат ID 1208205502, Telegram-чат ID 2645755108, Telegram-чат ID 3465506007, Telegram-чат ID 2519006562.
- Viber: Viber-чат «СИЗО-3 г. Гомель», Viber-чат «ИК-1», Viber-чат «Антошкина», Viber-чат «ИК-8 Орша», Viber-чат «ИК-3 Витьба», Viber-чат «ИК-11 Волковыск», Viber-чат «„Пятнашка“ Вейно», Viber-чат «ИУ «ИК № 17 г. Шклов», Viber-чат «ИК-17 Шклов»
- «Укантакце»: «ИК № 2 г. Бобруйска», «ИУ ИК-9 г. Горки, Беларусь, „ИУ ИК № 14“ (д. Новосады)».
Напярэдадні ў сьпіс уключылі чат «СИЗО № 1 Колядичи». Гэта найбуйнейшы канал камунікацыі сваякоў вязьняў, дзе людзі дзяліліся парадамі, якія дапамагаюць зарыентавацца пасьля затрыманьня блізкага. Чат быў важнай крыніцай інфармацыі для сваякоў як палітычных, так і звычайных зьняволеных. Сваякі палітвязьняў, шмат хто зь якіх за мяжой, абмяркоўвалі ў суполцы чэргі, перадачы для арыштаваных, іншыя пытаньні, зьвязаныя зь СІЗА.
«Цяпер, калі праваабарончыя арганізацыі фактычна выціснутыя з краіны, людзям небясьпечна нават ствараць чаты для дапамогі адно аднаму, небясьпечна зьвяртацца па парады і шукаць салідарнасьці», — сказала праваабаронца «Вясны» Яна Галаган.
Чаму ўзьніклі такія чаты
Юрыст «Вясны» Павел Сапелка адзначае, што такія чаты — рэакцыя людзей на недахоп зразумелай і празрыстай інфармацыі ў адкрытых крыніцах пра пэнітэнцыярную сыстэму. А перасьлед удзельнікаў гэтых чатаў — спроба ціснуць на людзей, каб пазбавіць іх падтрымкі і салідарнасьці:
«Прызнанне буйных чатаў СІЗА і калёніящ „экстрэмісцкімі фармаваньнямі“ — гэта чарговы этап сыстэмнага ціску на нізавыя структуры грамадзтва, а роўна — на самаарганізаваныя нефармальныя суполкі. Таксама ўскосна гэта падзейнічае і на сытуацыю з палітзьняволенымі і іх роднымі. Такія чаты выконваюць выключна гуманітарную і бытавую функцыю — людзі абменьваюцца інфармацыяй пра перадачы, спатканьні, умовы ўтрыманьня. Але ўлада імкнецца крыміналізаваць нават гэтыя формы самаарганізацыі і ўзаемадапамогі, каб ізаляваць людзей адно ад аднаго і пазбавіць іх падтрымкі».
Сапелка кажа, што гэтыя чаты зьявіліся не з палітычных прычын, гэта натуральная рэакцыя людзей на недахоп інфармацыі і празрыстасьці.
«Яны зьявіліся ў сетках у розным выглядзе адразу, калі людзі ўбачылі сэнс і магчымасьці аб’ядноўваць высілкі і інфармацыю. Сваякі вязьняў часта застаюцца сам-насам з сыстэмай, без выразных правілаў, без тлумачэньняў, што можна, а чаго нельга. Таму яны пачынаюць аб’ядноўвацца, каб дзяліцца досьведам: што перадаць, як праходзіць спатканьне, якія ёсьць абмежаваньні, як зьвярнуцца да адміністрацыі: для родных зьняволеньне сваяка — гэта рэальна складанае новае жыцьцё. Такія суполкі — гэта інструмэнт базавай узаемадапамогі, якая ўзьнікае там, дзе дзяржава не выконвае сваю інфармацыйную функцыю».
Сапелка назваў тое, што цяпер адбываецца, спробай запалохваньня.
Што пагражае ўдзельнікам чатаў?
Паводле Сапелкі, рызыкі для ўдзельнікаў такіх чатаў даволі сур’ёзныя:
«Улады могуць спрабаваць ужываць артыкулы, зьвязаныя з „экстрэмісцкімі фармаваньнямі“ (арт. 361-1 КК), а таксама „садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці“ (арт. 361-4 КК). І праблема ў тым, што нават сам факт знаходжаньня ў такім чаце, бязь нейкай актыўнай ролі, ужо можа адвольна трактавацца як падстава для крымінальнага перасьледу.
У выніку мы бачым далейшае размываньне паняцьця „экстрэмізм“. Калі пад яго пачынаюць падпадаць нават бытавыя супольнасьці, дзе людзі абмяркоўваюць перадачы і побытавыя пытаньні, гэта азначае, што межы гэтага паняцьця фактычна зьніклі».
Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі
Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.
Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.
Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.
Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.
На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.
Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».
Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».
Форум