Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інфляцыя ў Беларусі за тры месяцы склала 1,6%. Гэта меней, чым за такі ж пэрыяд мінулага году

Крама ў Менску, архіўнае фота
Крама ў Менску, архіўнае фота

Інфляцыя ў Беларусі ў 2025 годзе перавысіла паказьнік, заплянаваны ўрадам.

Як паведамляе Белстат, прырост цэн за тры сёлетнія месяцы склаў 1,6%. Найбольш падаражэлі паслугі — на 2,6%, харчовыя тавары падаражэлі на 1,7%, прамысловыя тавары — на 0,8%.

Летась прырост цэнаў за тры месяцы склаў 2,8%. Тады інфляцыя падскочыла за кошт росту цэнаў на паслугі, які склаў 4,5%. Сёлета падвышэньне тарыфаў на камунальныя паслугі адклалі. Новыя тарыфы пачалі дзейнічаць не з студзеня, а з 1 сакавіка.

Паводле прагнозаў ураду, інфляцыя ў 2026 годзе мае быць не вышэйшай за 7%.

Раней улады прызналі, што інфляцыя ў Беларусі ў 2025 годзе перавысіла паказьнік, заплянаваны ўрадам. Інфляцыя за 2025 год, паводле афіцыйных крыніц, склала 6,8%, такія зьвесткі 13 студзеня апублікаваў Белстат. Прагноз сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця, ухвалены ўрадам на 2025 год, прадугледжваў, што інфляцыя не павінна перавысіць 5 працэнтаў.

Паводле Белстату, у 2024 годзе інфляцыя склала 5,2%, у 2023 годзе — 5,8%.

Эўразійскі банк разьвіцьця (ЭАБР) раней падаў макраэканамічны прагноз на 2026–2028 гады: прырост ВУП у Беларусі мае скласьці 1,8%.

«Стрымальным фактарам застаецца зьніжэньне попыту на беларускую прадукцыю праз запаволеньне эканомікі ключавога гандлёвага партнэра — Расеі. Пры гэтым высокія інвэстыцыйная і спажывецкая актыўнасьць падтрымліваюць рост эканомікі», — пішуць аналітыкі.

Яны мяркуюць, што інфляцыя ў Беларусі будзе знаходзіцца каля адзнакі 7%. Яе паскорыць імпарт ціску цэнаў з Расеі і дэфіцыт працоўных рэсурсаў.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG