Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Яскравы прыклад — Мельнікава». Праваабаронцы-эмігрантцы прапанавалі супрацоўніцтва і вяртаньне на радзіму

Анжаліка Мельнікава, канфэрэнцыя «Новая Беларусь», Вільня, 4 жніўня 2024
Анжаліка Мельнікава, канфэрэнцыя «Новая Беларусь», Вільня, 4 жніўня 2024

Беларусы за мяжой працягваюць атрымліваць паведамленьні ад невядомых аб «узаемавыгадным супрацоўніцтве» і магчымасьці вяртаньня на радзіму.

Адзін з такіх выпадкаў адбыўся з праваабаронцай цэнтру «Вясна» Анастасіяй Васільчук, якой суразмоўца прывёў «яскравы прыклад» экс-сьпікеркі Каардынацыйнай рады Анжалікі Мельнікавай.

Пра гэта піша партал «Люстэрка».

Па словах Васільчук, 9 красавіка яна атрымала паведамленьне ў Instagram ад карыстальніка з нікам hemel_son. У звароце ёй прапанавалі «узаемавыгаднае супрацоўніцтва», асобна падкрэсьліўшы, што ў такім выпадку магчымы варыянт «вяртаньня на Радзіму».

У канцы паведамленьня адпраўнік прывёў, як ён выказаўся, «яскравы прыклад нашага пагадненьня» і спаслаўся на выпадак Анжалікі Мельнікавай.

Праваабаронцы раней неаднаразова папярэджвалі, што падобныя паведамленьні могуць быць часткай ціску на беларусаў за мяжой з мэтай схіліць іх да супрацоўніцтва ці вяртаньня ў Беларусь.

Вясной 2025 года Анжаліка Мельнікава бясьсьледна зьнікла. Пазьней высьветлілася, што разам зь ёй зьніклі 150 тысяч эўра з рахункаў фонду Białoruś Liberty, а таксама працоўныя файлы Каардынацыйнай рады. Журналісты-расьсьледавальнікі ўстанавілі, што незадоўга да зьнікненьня ў Мельнікавай пачаўся раман з супрацоўнікам беларускага КДБ Аляксеем Лабеевым.

У сакавіку 2026 года ў сеціве зьявіліся фота жанчыны, падобнай да Мельнікавай, у адной зь менскіх спартовых заляў. 20 сакавіка бацька Мельнікавай пацьвердзіў, што дачка жыве ў Беларусі.

Як высьветліла «Люстэрка», ужо пасьля зьнікненьня на імя Мельнікавай былі аформленыя дзьве кватэры ў Менску.

Пры гэтым раней у яе ўжо была кватэра ў сталіцы, на якую пасьля крымінальнай справы наклалі арышт, але ў лютым 2026 года арышт зьнялі.


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG