Беларускі пісьменьнік, журналіст, крытык Алесь Аркуш у рамках беластоцкай выдавецкай ініцыятывы «Полацкае ляда» і ў супрацы з польскім выдавецтвам EkoPress заснаваў сэрыю «Брукаванка». Ён плянуе выдаваць невялікія паэтычныя зборнікі кішэннага фармату, якія можна ўзяць у дарогу, піша Польскае радыё.
Зборнікі вершаў Алеся Аркуша «Ня думаць пра сон і паразы» і Янкі Лайкова «Песьні зьбянтэжаных рэк» распачалі паэтычную сэрыю «Брукаванка». Наступная кніга вершаў — Сяргея Патаранскага.
Кнігі з сэрыі «Брукаванка» будуць прадавацца на Беластоцкім кніжным кірмашы, які пройдзе з 17 па 19 красавіка.
«Брукаванка» падобная на сэрыю «Паэты плянэты», у якой выходзяць выбраныя кнігі асобных аўтараў, кажа Аркуш.
Паводле Аркуша, паэзія апынулася ў вельмі няпростай сытуацыі, бо ў Беларусі шмат паэтаў і пісьменьнікаў трапілі ў негалосныя сьпісы — яны ня могуць друкавацца ў пэрыёдыцы, тым больш выдаваць кнігі.
«А тыя выдавецтвы, якія заснаваныя ў эміграцыі, таксама існуюць у складанай эканамічнай сытуацыі. Для іх выдаваць паэзію — гэта проста стратныя кнігі. І гэта ўжо сур’ёзная праблема», — зазначае ініцыятар «Брукаванкі».
«Таму ў гэтай сытуацыі я вырашыў, што прыйшоў час падвесьці пэўны вынік паэтычнага шляху беларускай літаратуры, напрыклад, ад пачатку 1990-х гадоў да 2020 года. Бо 1990-я гады былі вельмі цікавымі. Я лічу, што гэта былі „залатыя гады“ беларускай літаратуры, бо гэта быў пэрыяд разьняволеньня», — кажа Алесь Аркуш.
Форум