Як паведамляе «Берасьцейская вясна», на аўкцыёне знайшліся двое ахвочых, якія таргаваліся, каб яе купіць. У выніку перамог той, хто зрабіў стаўку 110 040 рублёў.
Гаворка пра 2-пакаёвую кватэру плошчай 59,3 м2 пад адрасам Пінск, вул. Брэсцкая, 142Г. У апісаньні аўкцыёну пішуць, што кватэру прадавалі ў сувязі з запазычанасьцю.
Сам Аляксей Пацко раней расказваў «Нашай Ніве», што ня ведае, чаму яго нерухомасьць была выстаўлена на таргі. Ён кажа, што кватэра была набытая ў крэдыт, за які плацілі спраўна.
Пацко працаваў судзьдзём у Пінску. Калі ў жніўні 2020 году ён атрымаў загад даваць усім пратэстоўцам па 15 дзён арышту — адмовіўся. Спачатку быў вымушаны пакінуць пасаду, а потым сам сутыкнуўся зь перасьледам і зьехаў за мяжу.
Першая спроба ўладаў прадаць кватэру Пацко была марнай. На аўкцыёне сёлета 19 лютага не знайшлося ніводнага ахвочага набыць кватэру. Але ўлады зьнізілі стартавую цану таргоў і з другой спробы пазбавілі Пацко ягонай кватэры.
Форум