Вялікі тыдзень і велікодную нядзелю правёў у зьняволеньні яшчэ адзін каталіцкі сьвятар у Беларусі — пробашч парафіі ў Альковічах Вялейскага раёну ксёндз Анатоль Парахневіч. Як даведаліся вернікі, сьвятара, затрыманага ў сярэдзіне сакавіка, не адпусьцілі на волю, піша Katolik.life.
Зь сярэдзіны сакавіка ксёндз за кратамі, пры гэтым невядома, за што яго затрымалі і ў чым абвінавачваюць. Афіцыйных паведамленьняў Касьцёл на гэты конт так і не апублікаваў. У асяродзьдзі святароў вернікам нічога не адказваюць пра лёс субрата, некаторыя адзначаюць, што сапраўды ніякай інфармацыі пра ксяндза Парахневіча ў Альковічах няма. Магчыма, штосьці ведаюць біскупы, але яны ня дзеляцца гэтымі зьвесткамі.
Быў спадзеў, што ксяндза адпусьцяць на сьвяты, але ён ня спраўдзіўся.
Ксяндзу Анатолю 65 гадоў. У яго няма родных і блізкіх, таму даведацца пра яго няма ў каго, акрамя біскупаў. У Альковічах сьвятар служыць з 2007 году, раней служыў у Ракаве і Заслаўі, а вучыўся ў Беластоку. Летась ён адзначыў 30-годзьдзе сьвятарскага пасьвячэньня — як і арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.
Ксёндз Анатоль у Альковічах стварыў невялікі музэй пры касьцёле. Тут захоўваў вышытыя шоўкам арнаты XVIII стагодзьдзя, аздобленыя зрэбнымі слуцкімі паясамі, унікальную калекцыю беларускіх ручнікоў, старадаўнія кнігі.
У раённай газэце сьвятара называлі «пастырам душ чалавечых, гісторыкам і зьбіральнікам даўніны», адзначалі яго ўменьне ўпрыгожваць алтар і ўвесь храм непаўторнымі кветкавымі кампазыцыямі. Кветкі ён вырошчваў ва ўласным садзе, таксама меў свой пчальнік, пёк пірагі і торты.
Парафія ў Альковічах малая, касьцёл на нейкі час зачынілі пасьля ператрусу, але потым ключы вярнулі — цяпер служыць прыяжджае іншы ксёндз. Плябанія па-ранейшаму замкнёная.
Чарговае затрыманьне каталіцкага сьвятара ў Беларусі адбылося літаральна праз чатыры месяцы пасьля вызваленьня пры пасярэдніцтве Ватыкану двух дагэтуль зьняволеных сьвятароў — ксяндза Генрыха Акалатовіча і айца Анджэя Юхневіча. Яны па-ранейшаму ў Рыме, ня могуць вярнуцца ў Беларусь і ўдзельнічаць у публічнай дзейнасьці. Ніякіх камэнтароў ад іх пасьля зьняволеньня таксама не было.
Перасьлед ксяндза Парахневіча — чарговы прыклад перасьледу вернікаў, у тым ліку каталікоў, што асабліва выразна. Ужо некалькі гадоў зачынены найвядомейшы касьцёл краіны — сьв. Сымона і Алены (Чырвоны) у Менску. Раней у ім пры нявысьветленых абставінах адбыўся пажар.
Акрамя затрыманьняў, якія закранулі некаторых сьвятароў, іншым улады не працягнулі дазволу на пастырскае служэньне ў Беларусі. Гэта тычылася тых, хто мае замежнае грамадзянства.
Форум