Генэральная пракуратура Беларусі заявіла пра іх пошук і спробы вярнуць іх праз Інтэрпол.
Як паведамляе тэлеграм-канал пракуратуры, падчас нямецкай акупацыі зь Беларусі вывезьлі дзясяткі тысяч адзінак каштоўнасьцяў, вернута ў дзесяць разоў меней. Цяпер Генэральная пракуратура ўклала сьпіс 760 каштоўнасьцяў, месца знаходжаньня якія высьвятляецца, праз Інтэрпол расшукваюць дзесяць зь іх.
Начальнік упраўленьня Генэральнай пракуратуры Андрэй Карачэнка заявіў з гэтай нагоды:
«Гэта прадметы культуры, карціны, партрэты, якія складалі даваенную калекцыю нашых музэяў — Менскага сацыяльна-гістарычнага музэю, Дзяржаўнай карціннай галерэі. Захаваліся адносна поўныя зьвесткі пра тэхналёгію вырабу, парамэтры гэтых карцін. На аснове гэтых зьвестак запоўнены спэцыяльныя фармуляры, правераныя групай экспэртаў. Зьвесткі пра гэтыя культурныя каштоўнасьці зьмешчаныя ў цэнтральную базу зьвестак Інтэрполу».
Паводле Алены Карпенкі, загадчыцы аддзелу старажытнабеларускага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музэю Беларусі, страчаным лічыцца партрэт Марцыбэлі Завішынай (Агінскай), жонкі Ігната Завішы, дзяржаўнага дзеяча ВКЛ і Рэчы Паспалітай, партрэт якога ўдалося вярнуць.
«Мы ведаем, што ён існуе, і ўзьяднаньне гэтай пары ў нашым музэі было б нам вялікім падарункам», — сказала мастацтвазнаўца.
- Беларускія навукоўцы сьцьвярджаюць, што большасьць створаных у Беларусі цягам яе гісторыі твораў мастацтва і рухомых помнікаў культуры знаходзяцца за мяжой.
- Колькасьць таго, што засталося ў Беларусі, ацэньваюць у 1%.
- Дагэтуль, напрыклад, ня знойдзены крыж Эўфрасіньні Полацкай, у суседніх краінах знаходзяцца шматлікія карціны, кнігі і калекцыі зброі, вывезеныя некалі з тэрыторыі Беларусі.
- Некаторыя творы мастацтва перад нацыстоўскай акупацыяй Беларусі вывозілі ў Расею.
Форум