Пра гэта гаворыцца ў справаздачы праваабаронцаў Lawtrend.
З апошніх нашумелых выпадкаў — закрыцьцё фонду дапамогі анкахворым дзецям «КіндэрВіта». Яно суправаджалася абвінавачаньнямі ў дзяржаўных СМІ, што частка сабраных грошай нібыта накіроўвалася не на лячэньне дзяцей, а на асабістыя патрэбы некаторых супрацоўнікаў фонду.
Праваабаронцы адзначылі, што тэма дыскрэдытацыі незалежных дабрачынных арганізацый у СМІ атрымала новае разьвіцьцё з канца студзеня. Гэтак улады спрабуюць сфармаваць нэгатыўнае стаўленьне людзей да недзяржаўных ініцыятываў, лічаць у Lawtrend.
Згодна з маніторынгам Lawtrend, з пачатку 2021 па канец лютага 2026 году прымусова зьліквідавалі ня менш за 1239 некамэрцыйных арганізацыяў розных арганізацыйна-праўных формаў. 781 арганізацыя вырашыла ліквідавацца сама.
Lawtrend — праваабарончая арганізацыя, якая рэгулярна праводзіць маніторынг сытуацыі з свабодай асацыяцыяў і стану грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі. Паводле яе высноваў, у лютым 2026 году ў Беларусі працягвалася сыстэмнае звужэньне прасторы для дзейнасьці арганізацый грамадзянскай супольнасьці, уключаючы зарэгістраваныя грамадзкія абʼяднаньні, фонды і ўстановы.
«Праўнае і фактычнае становішча АГС працягвае характарызавацца высокім узроўнем адміністрацыйнага ціску, рызыкамі прыцягненьня да адказнасьці за невыкананьне фармальных патрабаваньняў заканадаўства, а таксама абмежаваным доступам да фінансавых і іншых рэсурсаў», — адзначаюць праваабаронцы ў высновах маніторынгу за люты 2026 году.
Паводле Міністэрства юстыцыі Беларусі, на 1 студзеня 2026 году ў Рэспубліцы Беларусь былі зарэгістраваныя 4 праўладныя палітычныя партыі і 1337 грамадзкіх арганізацыяў.
Форум