Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: Расея павінна мець «ядро ўзброеных сілаў» у Беларусі

Зьлева направа: Таалатбек Масадыкаў, міністар замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў, дзяржаўны сакратар Савету бясьпекі Аляксандар Вальфовіч, Аляксандар Лукашэнка. Фота БелТА
Зьлева направа: Таалатбек Масадыкаў, міністар замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў, дзяржаўны сакратар Савету бясьпекі Аляксандар Вальфовіч, Аляксандар Лукашэнка. Фота БелТА

Беларусь зьяўляецца «асноўным зьвяном» на заходнім кірунку Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ), заявіў Аляксандр Лукашэнка 6 красавіка ў Менску на сустрэчы з генэральным сакратаром АДКБ Таалатбекам Масадыкавым.

«І ня дай бог нейкі канфлікт на гэтым кірунку, Расея заўсёды павінна мець тут ядро ўзброеных сіл, якія падключацца да дзеяньняў беларускага войска, каб абараніць нашу прастору», — цытуе Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БелТА.

На сустрэчы Лукашэнка таксама заявіў, што АДКБ «трэба быць больш карэктнымі і акуратнымі ў рабоце з Армэніяй».

«Вы ведаеце, што Армэнія быццам бы і не падтрымлівае работу ў АДКБ, але ў той жа час застаецца ў Арганізацыі, — цытуе Лукашэнку БелТА. — Трэба быць вельмі карэктнымі. У Армэніі складаная сытуацыя ў гэтым пляне, асабліва ў электаральны пэрыяд».

Сёлета 7 чэрвеня ў Армэніі маюць прайсьці парлямэнцкія выбары. З 2024 году Армэнія прыпыніла ўдзел у палітычных і вайсковых мерапрыемствах АДКБ. Сёлета ў сакавіку Армэнія афіцыйна апавясьціла сакратарыят АДКБ, што ня будзе плаціць складак у бюджэт арганізацыі.

АДКБ — вайскова-палітычны блёк, мэтамі якога заяўленыя «ўмацаваньне міру, міжнароднай і рэгіянальнай бясьпекі і стабільнасьці, абарона на калектыўнай аснове незалежнасьці, тэрытарыяльнай цэласнасьці і сувэрэнітэту дзяржаваў-удзельніц». У яго ўваходзяць Армэнія, Беларусь, Казахстан, Кіргізстан, Расея і Таджыкістан.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG