У цэнтры Горадні па вуліцы Малой Траецкай вядуцца будаўнічыя работы. Вуліца ідзе раўналежна больш вядомай Вялікай Траецкай. На аб’екце ўзводзяць гандлёва-адміністрацыйны будынак.
У час земляной працы з-пад зямлі дасталі парэшткі чалавека, паведаміла выданьне NewGrodno.by.
Як і належыць, на месца выклікалі адпаведныя службы. Крыміналу, паводле першапачатковай інфармацыі, ня выяўлена, таму галоўная роля адводзіцца менавіта археолягам.
На будаўнічай пляцоўцы знайшлі парэшткі прыблізна 20 чалавек. Мяркуючы з усяго — гэта старыя могілкі. Пакуль невядома, наколькі старыя. Папярэдне, пахаваньні адносяцца да XVI ці XVII стагодзьдзя.
Цяпер будоўлю часова прыпынілі. Адмыслоўцы працягваюць вывучэньне тэрыторыі. Хапае і іншых знаходак, але без дадатковага вывучэньня складана казаць, да якога этапу гісторыі гораду яны адносяцца.
Форум