Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка паведаміў пра свае парады Трампу наконт вайны ў Іране

Аляксандар Лукашэнка. Архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка. Архіўнае фота

Аляксандар Лукашэнка заявіў, што папярэджваў прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа аб стратах амэрыканскага войска ў выпадку вайны з Іранам.

«Амэрыканцы пачалі рабіць тое, што я Трампу параіў у апошніх перамовах. Магу ўжо сёньня сказаць. Габрэі прыехалі да яго, ізраільцы, пра Галакост, пра ўсё забыліся, Газу выраўнялі, дзеці загінулі там, людзі загінулі... Пачалі яго клікаць супраць Ірану ваяваць. Пайшоў. Што рабіць цяпер? Я ім кажу: «Ізраіль хацеў паваяваць супраць Ірану — няхай паваююць. Дайце яму паваяваць, вы навошта туды лезеце, вы ж там пахаваеце сваіх людзей», — працытавала Аляксандра Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БелТА.

З такой заявай ён выступіў пры адкрыцьці ў Менску новай паліклінікі. Паводле яго, амэрыканскае грамадзтва абурылася пасьля таго, як «труны паціху пачалі ў Амэрыку паступаць».

«Ужо дзьве трэці не падтрымліваюць гэтую авантуру. Таму я кажу: „Перадайце Дональду, няхай ён дасьць Ізраілю паваяваць з Іранам. Вось і пабачым, што выйдзе“. А чужымі рукамі мы ўсе ўмеем ваяваць. Як ва Ўкраіне Захад ваюе», — сказаў ён.

Лукашэнка патлумачыў прычыны сваёй падтрымкі Дональда Трампа.

«Паглядзіце на Трампа, на Амэрыку. Я чаму ухваляю (адносна, жартам кажу) яго палітыку: ён яе агаліў да немагчымасьці. Ён паказаў: „Якія правы чалавека, якая дэмакратыя? Нафта!“ І дзеля гэтага будуць забіваць, будуць закідваць ракетамі, будуць усё рабіць. Будуць гінуць амэрыканцы дзеля таго, каб яны там і іншыя нармальна або нават добра жылі, мільярды зараблялі», — заявіў ён.

Лукашэнка дадаў, што ён так ня можа «будаваць сваю палітыку».

«Мы пабачылі сапраўднае аблічча гэтых людзей, якія некалі хацелі, каб гэтаксама было ў нас. У нас будзе так, як вы вырашыце. Хочаце так, як у іх, — будзе так. Хочаце, як асобныя кажуць, рэформаў, — калі ласка, я вам магу за дзень арганізаваць гэтыя рэформы, я навучыўся, умею гэта рабіць», — дадаў ён.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG