«80 працэнтаў іншаземцаў, якія жывуць у Вільні, ня ёсьць грамадзянамі Эўрапейскага Зьвязу, многія зь іх расейскамоўныя. Таму зразумела, чаму на вуліцах Вільні так шмат расейскай гаворкі і ўсё радзей гучыць літоўская», — заявіў мэр гораду Валдас Бянкунскас на прэс-канфэрэнцыі ў чацьвер 2 красавіка, піша BNS.
У пачатку 2026 году ва Ўнівэрсытэце Вітаўта Вялікага ў Коўне пачаліся бясплатныя курсы літоўскай мовы, якія змогуць скончыць 1,5 тысячы чалавек.
Першыя групы ўжо ўкамплектаваныя, у чэрвені абвесьцяць рэгістрацыю ў новыя групы.
Таксама прапануюць бясплатныя дыстанцыйныя курсы ўзроўняў A1-B1, якія маюць пачацца ў канцы красавіка.
Акрамя таго, больш за 20 настаўнікаў з 15 школаў Вільні далучыліся да ініцыятывы праводзіць індывідуальныя заняткі. Кожны ўдзельнік курсаў будзе дамаўляцца з настаўнікам аб фармаце і кошце заняткаў, а горад бясплатна дасьць памяшканьні.
З словаў мэра, неўзабаве на вуліцах Вільні зьявяцца рэклямныя банэры з інфармацыяй аб магчымасьцях вывучыць літоўскую мову. На іх будзе ўказаны спэцыяльна створаны сайт askalbu.lt з інфармацыяй аб курсах.
Веданьне мовы прапануюць зьвязаць з дазволам на жыхарства
У сталіцы Літвы жывуць 76 тысяч іншаземцаў, зь іх 61 тысяча — грамадзяне краін, якія не ўваходзяць у ЭЗ.
З словаў мэра, галоўная праблема ў тым, што для іншаземцаў, якія жывуць у краіне на падставе часовых дазволаў на жыхарства, ня створана праўных стымулаў вывучаць літоўскую мову.
«Вялікая частка — 40 тысяч — гэта людзі, якія прыбылі на падставе часовых дазволаў. Мы бачым, што дамінуюць Беларусь, Украіна, Расея, — расейскамоўныя дзяржавы. Мая прапанова: калі праз тры гады пасьля атрыманьня першага дазволу чалавек хоча яго падоўжыць, а ўзровень літоўскай у яго нулявы, то дазвол не падаўжаецца, — ён павінен зьехаць».
Бянкунскас запэўніў, што ўжо зьвярнуўся з гэтай прапановай да міністра ўнутраных справаў, заклікаўшы ініцыяваць у Сейме адпаведныя папраўкі.
«Некалькі дзён таму я напісаў ліст міністру ўнутраных справаў, заклікаўшы не хавацца ў кусты і не ўнікаць гэтай тэмы», — паведаміў мэр Вільні.
Апытаньне жыхароў Вільні
Паводле апытаньня, праведзенага кампаніяй Norstat на замову віленскага самакіраваньня, 76% апытаных віленцаў згодныя з тым, што калі б імігранты выкарыстоўвалі літоўскую мову ў штодзённых сытуацыях, тэма іміграцыі выклікала б менш напружанасьці. Пры гэтым 92% згодныя з тым, што іншаземцы, якія хочуць жыць у Літве, павінны дасягнуць прынамсі базавага ўзроўню веданьня літоўскае мовы.
Забесьпячэньне магчымасьцяў вывучаць літоўскую мову — частка пляну інтэграцыі жыхароў замежнага паходжаньня на 2026–2028 гады. На гэтыя мэты прадугледжана 4,3 млн эўра.
Зьмены ў міграцыйнай палітыцы таксама прапанаваў прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа. Згодна зь ягонымі прапановамі, дазволы на часовую працу для імігрантаў будуць выдавацца хутчэй і прыярытэтным чынам, максымум на два гады.
Паводле Дэпартамэнту міграцыі Літвы, на 1 сакавіка 2026 году часовы дазвол на жыхарства ў Літве мелі 189 тысяч іншаземцаў.