На сустрэчы з Коўлам, а таксама намесьнікам памочніка дзяржаўнага сакратара Крысам Сьмітам Кучынскі, як ён паведамляе ў сацыяльнай сетцы Х, «выказаў падзяку за вызваленьне палітычных зьняволеных» у Беларусі. Дэталі размовы не прыводзяцца.
У рамках візыту ў амэрыканскую сталіцу дарадца Ціханоўскай таксама сустрэўся з намесьнікам дарадцы ў нацыянальнай бясьпецы ЗША Эндзі Бэйкерам і спэцыяльным памочнікам прэзыдэнта, старшым дырэктарам у справах Эўропы і Расеі ў Радзе нацыянальнай бясьпекі Чарльзам Маклафлінам.
На сустрэчы з выканаўчым дырэктарам Freedom House Джэймі Флаем Кучынскі выказаў «асаблівую падзяку» камандзе гэтай міжнароднай арганізацыі, адзначыўшы «самаадданую працу ў аказаньні дапамогі былым палітвязьням для аднаўленьня іх жыцьця пасьля вызваленьня» дырэктара літоўскага офісу Віціса Юрконіса.
«Далейшая падтрымка з боку такіх надзейных партнэраў, як Freedom House, вельмі важная», — падкрэсьліў Кучынскі.
30 сакавіка на дыскусіі ў літоўскім Сейме Сьвятлана Ціханоўская заявіла, што менавіта праз моцны ціск удалося вызваліць ужо некалькі соцень палітвязьняў.
Пры гэтым лідэрка дэмакратычных сілаў Беларусі адзначыла эфэктыўнасьць абодвух прынцыпаў: амэрыканскія санкцыі і дыпляматыя ЗША лепш дапамогуць вызваленьню палітвязьняў, але ціск на рэжым дзеля дэмакратызацыі і спыненьня рэпрэсіяў з боку Эўразьвязу трэба захоўваць.
Таксама Ціханоўская тады заявіла, што ў Вашынгтон накіроўваецца яе дыпляматычны дарадца Дзяніс Кучынскі, мэта якога — пераканаць амэрыканскі бок не аказваць ціску на ўрад Літвы за яго пазыцыю наконт падаўжэньня санкцыяў супраць беларускага калію.