Offies — нефармальная назва штогадовай прэміі Off West End Theatre Awards, заснаванай у 2010 годзе тэатрам OffWestEnd для ўшанаваньня незалежных тэатраў па ўсім Лёндане. Прэмія адзначае пастаноўкі па-за межамі камэрцыйнага Вэст-Энду.
Спэктакль на аснове асабістай гісторыі баскетбалісткі Сныцінай пабудаваны як баскетбольны матч — чатыры чвэрці, кожная зь якіх прысьвечаная аднаму з складнікаў жыцьця Кацярыны: станаўленьне ў Беларусі, асабістае жыцьцё, спартовая кар’ера і грамадзкая актыўнасьць.
Прэм’ера спэктакля адбылася ў нью-ёркскім Тэатры La Ma Ma увосень 2024 году, ён атрымаў пазытыўныя рэцэнзіі ў вядучых амэрыканскіх выданьнях. Галоўную ролю ў спэктаклі выканала сама Кацярына Сныціна ў тандэме з польска-брытанскай дыджэйкай Блянкай Барбарай. Рэжысэрам спэктаклю выступіў Мікалай Халезін.
- Кацярына Сныціна займалася баскетболам зь сямі гадоў. У 15 трапіла ў свой першы прафэсійны баскетбольны клюб «Гарызонт», у 17 паехала гуляць за францускую каманду. Былі каманды ў Польшчы, Турэччыне, Вугоршчыне, Расеі. Калі ёй было 22 гады, нацыянальная зборная Беларусі, у складзе якой тады гуляла Кацярына, узяла бронзу на чэмпіянаце Эўропы ў 2007 годзе. Яна гуляла на пэкінскай Алімпіядзе, выйгравала чэмпіянаты Францыі і Беларусі. Баскетбалістка ростам 188 сантымэтраў, лёгкі форвард, была часткай беларускай каманды, якая заняла шостае месца на Алімпійскіх гульнях 2008 году.
- У 2020 годзе Кацярына Сныціна падпісала ліст вольных спартоўцаў. У сакавіку 2021 году абвясьціла, што завяршае кар’еру ў нацыянальнай зборнай Беларусі, дзе яна тады была капітанам, каб ня быць часткай прапаганды рэжыму Лукашэнкі.
- Два сэзоны яна адгуляла ў брытанскай камандзе London Lions. Увосень 2023 году Кацярына заявіла, што цалкам завяршае баскетбольную кар’еру. У красавіку 2023 году ейная каманда London Lions выйграла Эўракубак — другі па значнасьці турнір Эўропы.