Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: дзень памяці першай ахвяры каранавірусу ў Беларусі

Віктар Дашкевіч
Віктар Дашкевіч

Падзеі 31 сакавіка ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

1391 — Горадня атрымала магдэбурскае права.

1889 — у Парыжы афіцыйна адкрылася Эйфэлева вежа.

1951 — у ноч на 1 красавіка ў Беларусі праводзяцца масавыя арышты вэтэранаў антыгітлераўскай кааліцыі. У прыватнасьці гэта тычыцца вайскоўцаў арміі Андэрса, якія ў 1944-м годзе ўдзельнічалі ў бітве за Монтэ-Касіна ў Італіі. Усяго карнікі МГБ арыштавалі каля 900 вэтэранаў. На загад Масквы ўсе яны разам зь сем’ямі мусілі быць пераселеныя ў Сібір.

1999 — выйшаў у сьвет адзін з найбольш вядомых навукова-фантастычных фільмаў — «Матрыца».

У гэты дзень нарадзіліся

1685 Ёган Сэбасьцьян Бах, нямецкі кампазытар.

1887 Баляслаў Брэжга, гісторык, этнограф, філёляг.

1949 Зьміцер Санько, беларускі біёляг, адзін з заснавальнікаў Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны.

Зьміцер Санько
Зьміцер Санько

1952Алег Мінкін, паэт і перакладнік.

Што я —
Без Радзімы?
Лісточак паблеклы,
Я — цені бяз рэчаў,
Я — хворы бязь лекаў,
Бяз рэчышча рэчка,
Бяз кветак шыпшына,
Бяз компаса ў моры,
Гадзіньнік
Са зломленай самай галоўнай
спружынай:
Ён сёньня паказвае тую ж
гадзіну, што ўчора.

Алег Мінкін
Алег Мінкін

1962Міхал Вівэг, чэскі пісьменьнік.

1964Ян Збажына, паэт.

Будуем-разбураем вежы,
Шукаем шлях — знаходзім межы.

У памяці

1727 — памёр Ісак Ньютан, ангельскі фізык, матэматык і астраном, апісаў закон сусьветнага прыцягненьня і так званыя Законы Ньютана, якія заклалі асновы клясычнай мэханікі.

1785 — у Варшаве памёр Антоні Тызэнгаўз, асьветнік Рэчы Паспалітай і горадзенскі староста. Намаганьнямі Антонія Тызэнгаўза Горадня зрабілася месцам працы розных дзяржаўных установаў і шэрагу фабрык.

1969 — памёр Мікола Шчаглоў-Куліковіч, беларускі кампазытар і музыколяг, дзяяч беларускага руху ў эміграцыі. На лібрэта Натальлі Арсеньневай Шчаглоў-Куліковіч напісаў дзьве опэры: лірычна-рамантычную «Лясное возера» і гістарычную «Ўсяслаў Чарадзей».

2007 — у Вільні памёр Аляксей Анішчык, пісьменьнік, журналіст мэмуарыст.

2020 — у Віцебску памёр Віктар Дашкевіч, тэатральны актор, першая ахвяра каранавірусу ў Беларусі.

This item is part of
XS
SM
MD
LG