Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стала вядома, якія судзьдзі будуць разглядаць у Гаазе справу супраць рэжыму Лукашэнкі

Шыльда Міжнароднага крымінальнага суду
Шыльда Міжнароднага крымінальнага суду

Стаў вядомы склад Палаты папярэдняй вытворчасьці Міжнароднага крымінальнага суду (МКС) у Газе, якая будзе займацца сытуацыяй у Беларусі. Пра гэта паведаміла юрыстка Кацярына Дзяйкала ў Фэйсбуку.

Разгляд справы даручаны калегіі з трох судзьдзяў.

Хто ў складзе палаты

У склад увайшла румынская юрыстка Юлія Маток. Да прызначэньня ў МКС яна каля дзесяці гадоў працавала судзьдзёй у Эўрапейскім судзе па правах чалавека, а раней — у Канстытуцыйным судзе Румыніі. Таксама займала пасады ў сыстэме ААН, у тым ліку была спэцдакладчыцай па Конга і па тэме генэтыкі і правоў чалавека. Вядомая як прафэсарка міжнароднага права і унівэрсытэцкая выкладчыца.

Другая судзьдзя — Рэнэ Алапіні-Гансу з Бэніну, якая цяпер зьяўляецца другой віцэ-прэзыдэнткай МКС. Раней яна шмат гадоў працавала ў Афрыканскай камісіі па правах чалавека, у тым ліку ўзначальвала яе, і займалася пытаньнямі правасудзьдзя для Руанды. У сваёй краіне была ініцыятаркай законаў у абарону правоў жанчын, а таксама працавала ў структурах ААН.

У 2011 годзе яе абралі ў Пастаянную палату трацейскага суда ў Гаазе. У апошнія гады яна трапляла ў цэнтар міжнароднай увагі: расейскі суд у 2024 годзе выдаў ордэр на яе арышт. Расея абвінаваціла Алапіні-Гансу, а таксама яшчэ некалькіх судзьдзяў МКС, у «незаконным перасьледзе расейскіх грамадзян» пасьля таго як МКС выдаў ордэр на арышт Уладзіміра Пуціна. Яна таксама ўдзельнічала ў рашэньнях аб ордэрах на арышт Біньяміна Нэтаньягу і былога міністра абароны Ізраілю Ёва Галанта, і ў 2025-м супраць яе ўвяла санкцыі адміністрацыя Дональда Трампа.

Трэцяя судзьдзя — Сакора Флорэс Ліера з Мэксыкі. Яна мае дыпляматычную кар’еру і працавала ў МЗС сваёй краіны, у тым ліку была пастаяннай прадстаўніцай Мэксыкі пры ААН у Жэнэве. Удзельнічала ў працэсе стварэньня МКС і прадстаўляла інтарэсы краіны ў Міжнародным судзе ААН ў справе «Avena» супраць ЗША.


Што вядома пра саму справу

17 сакавіка МКС распачаў расьсьледаваньне магчымых злачынстваў супраць чалавечнасьці, зьвязаных з прымусовым выдварэньнем беларусаў за мяжу і палітычным перасьледам апанэнтаў улады.

Ініцыятарам разгляду выступіла Літва, якая зьяўляецца ўдзельніцай МКС, у адрозьненьне ад Беларусі. Гэта дазволіла суду атрымаць юрысдыкцыю, паколькі частка меркаваных парушэньняў мела трансгранічны характар і закранала тэрыторыю краіны-удзельніцы.

Паводле ацэнкі пракуратуры, гаворка ідзе пра дзеяньні, якія часткова адбываліся за межамі Беларусі, што і стала падставай для разгляду справы ў Гаазе. У дакумэнце Ўправы пракуратуры Міжнароднага крымінальнага суду акцэнт робіцца на «прымусовыя дзеяньні, якія прывялі да дэпартацыі».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG