Удзельнікі маршу сабраліся на пляцы Трох Крыжоў, зь якога стартавала шэсьце.
Беларусы несьлі 330‑мэтровы бел-чырвона-белы сьцяг, а таксама трымалі банэры з выявамі палітычных зьняволеных — Уладзіміра Гундара, Вольгі Маёравай, Любові Разановіч і іншых, патрабуючы іх вызваленьня.
Шэсьце суправаджалася музыкай беларускіх дудароў. У ім таксама ўдзельнічалі і прадстаўнікі клюбу гістарычнай рэканструкцыі Invictus 1863.
Папярэдне, у маршы ўзялі ўдзел прыблізна паўтысячы чалавек. У калёне таксама ішла Сьвятлана Ціханоўская. Падчас акцыі яна запісала і разьмясьціла ў сваім Telegram-канале кароткі відэазапіс, у якім яшчэ раз павінашвала беларусаў з Днём Волі.
У мерапрыемстве таксама ўдзельнічалі польскія палітыкі і грамадзкія дзеячы, у тым ліку Гжэгаж Схетына — старшыня Камітэту ў замежных справах Сэнату Польшчы, колішні міністар замежных справаў, а таксама дэпутат Сэйму Аліцыя Лепкоўска і грамадзка-палітычны дзеяч Адам Міхнік.
«Мы выходзім, таму што нельга не выходзіць. Нельга сядзець, маўчаць, проста перачакаць. Ніхто акрамя нас саміх, беларусаў, свабоду за нас не здабудзе. Мы выходзім сёньня за нашых палітвязьняў... І мы будзем выходзіць, пакуль кожны і кожная не апынецца на волі. Мы выходзім, каб аднавіць справядлівасьць. Каб спыніўся тэрор. Мы патрабуем поўнай палітычнай амністыі. Мы выходзім — у рэшце рэшт, проста таму, каб пабачыць адно аднаго. Пагаварыць. Натхніцца. І падзякаваць. І я веру, што ў нас усё атрымаецца. І разам мы ўсё адолеем! Жыве Беларусь!», — сказала Сьвятлана Ціханоўская напрыканцы маршу.
Шэсьце завяршылася канцэртам беларускіх музыкаў і сьвяточным кірмашом з працамі беларускіх майстроў, кнігамі і дранікамі ад палітвязьняў.
27 сакавіка Міністэрства замежных спраў Польшчы супольна з Аб’яднаным пераходным кабінэтам правялі ў Музычным унівэрсытэце імя Шапэна ў Варшаве ўрачыстасьці да Дня Волі.
Форум