Мяркуючы па апублікаваных фатаздымках, будынак атрымаў нязначныя пашкоджаньні — разьбілася шыба, узьнік пажар, які быў патушаны.
Паліцыя абвясьціла, што пачала крымінальную справу па артыкуле аб пашкоджаньні чужой маёмасьці і шукае зламысьніка.
Кіраўнік расейскага цэнтру Ігар Гірэнка адзначыў, што «па шчасьлівым зьбегу абставін тры з шасьці „кактэйляў Молатава“ ня выбухнулі» і ня сталі прычынай пажару. Паводле Гірэнкі, напад мог быць прымеркаваны да заключнага мерапрыемства Дзён расейскай культуры 27 сакавіка.
Падобныя цэнтры ў розных краінах дзейнічаюць у сыстэме расейскага фэдэральнага агенцтва «Россотрудничество». Звычайна яны рэгулююцца міжурадавымі пагадненьнямі, і іх дзейнасьць не спынілася пасьля расейскага ўварваньня ва Ўкраіну, нягледзячы на заходнія санкцыі, уведзеныя супраць «Россотрудничества». У Беларусі ёсьць чатыры такія ўстановы.
Актывісты і журналісты-расьсьледнікі зьвяртаюць увагу на тое, што, акрамя арганізацыі культурных мерапрыемстваў, дзейнасць цэнтру таксама накіравана на распаўсюджваньне пракрамлёўскіх наратываў, у тым ліку пра вайну Расеі супраць Украіны.
Днямі ў горадзе Пардубіцы ў Чэхіі быў падпалены завод кампаніі, якая вырабляе бесьпілётнікі, у тым ліку для Украіны. Адказнасьць за гэта ўзяла на сябе левая прапалестынская групоўка. Былі затрыманыя тры чалавекі, прапалестынскія актывісты. Паліцыя заявіла, што таксама расьсьледуе магчымы «расейскі сьлед».
Форум