Злучаныя Штаты аказалі ціск на Францыю, каб тая адхіліла запрашэньне прэзыдэнта Паўднёвай Афрыкі на саміт G7 у францускім горадзе Эвіян, паведаміла паўднёваафрыканская канцылярыя кіраўніка дзяржавы агенцтву AFP. Зьезд «Вялікай сямёркі» заплянаваны на чэрвень.
Гэта апошні эпізод пасьля месяцаў разрыву сувязяў у шэрагу пытаньняў, ад справы Паўднёвай Афрыкі аб генацыдзе супраць хаўрусьніка ЗША Ізраілю да спрэчных заяў прэзыдэнта Дональда Трампа аб тым, што белыя афрыканэры зазнаюць у ПАР перасьледу.
«Мы даведаліся, што праз пастаянны ціск Францыя была вымушаная адклікаць сваё запрашэньне Паўднёвай Афрыцы на сустрэчу G7», — сказаў прэс-сакратар прэзыдэнта ПАР Вінцэнт Магвэнья.
«Нам сказалі, што амэрыканцы пагражалі збайкатаваць зьезд, калі Паўднёвая Афрыка будзе запрошаная», — дадаў ён.
Такім чынам, Паўднёвая Афрыка ня будзе ўдзельнічаць у сустрэчы G7.
Прэзыдэнт краіны Сірыл Рамафоса выказаўся стрымана, падкрэсьліўшы, што Паўднёвая Афрыка ня сябра G7 і не прысутнічала на кожнай сустрэчы.
«Ёсьць так шмат краін па ўсім сьвеце, якія не атрымліваюць запрашэньняў на саміт „Вялікай сямёркі“», — сказаў ён журналістам, але выказаў шкадаваньне, што ПАР ня здолее прынесьці краінам-удзельніцам сваё пасланьне.
Трамп неаднаразова канфліктаваў з урадам Паўднёвай Афрыкі, уводзячы супраць гэтай дзяржавы высокія тарыфы, лаючы Рамафосу ў Авальным кабінэце за заявы пра «генацыд белых» і байкатуючы зьезд G20 у Ёганэсбургу ў лістападзе 2025 году.
Раней у гэтым месяцы Прэторыя выклікала новага пасла ЗША дзеля тлумачэньня «недыпляматычных заўваг» адносна расавай палітыкі і рашэньняў судоў Паўднёвай Афрыкі.
У сакавіку летась Вашынгтон выслаў пасла ПАР Эбрагіма Расула пасьля таго, як той скрытыкаваў рух Трампа «Зрабі Амерыку зноў вялікай» (MAGA). Крытыка цяперашніх уладаў Паўднёвай Афрыкі пачалася яшчэ тады, калі дзяржаўным чыноўнікам быў ураджэнец гэтай краіны мільярдэр Ілан Маск. Трамп не зьмяніў свайго стаўленьня да ПАР і пасьля сваркі з Маскам, пасьля якой той скончыў працу ва ўрадзе і заявіў пра пляны стварэньня новай, трэцяй у краіне партыі.
Форум