На гэтыя пытаньні ў праграме «Палітыка зь Юрыем Дракахрустам» адказвае ўкраінскі палітычны аналітык Віталь Портнікаў.
0:00 Ці гатовая Украіна ваяваць з суагрэсарам?
2:57 Беларусь для Ўкраіны – акупаваная краіна ці суагрэсар?
5:00 Чаго Кіеў чакае ад Ціханоўскай?
7:21 Новая палітыка прэзыдэнта Трампа адносна Беларусі – на карысьць ці на шкоду Ўкраіне?
10:50 Якія пэрспэктывы міру ва Ўкраіне?
12:22 Навошта Лукашэнка паехаў у КНДР?
14:40 30 гадоў дамове аб Супольнасьці Беларусі і Расеі: чаму Беларусь ня стала часткай РФ?
—30 гадоў таму была падпісаная дамова аб стварэньні тады яшчэ Супольнасьці Беларусі і Расеі. Гэта ж і гадавіна адных з самых масавых пратэстаў у Беларусі, тады — супраць гэтай самай інтэграцыі. У рэтраспэктыве 30 гадоў — два пытаньні. Чаму Беларусь аказалася самай шчыльна зьвязанай з Расеяй, як ніякай іншая постсавецкая краіна? І наадварот — чаму за гэтыя 30 гадоў ня стала проста часткай РФ?
—У 1996 годзе палітычнае кіраўніцтва Расейскай Фэдэрацыі канчаткова адмовілася ад ілюзіі пераўтварэньня Садружнасьці Незалежных Дзяржаваў у дзяржаву са сталіцай у Маскве. Стала зразумела, што ў агляднай будучыні гэта будзе немагчыма, таму трэба было перайсьці да палітыкі шматхуткаснай інтэграцыі, у якой Беларусь была б дэманстрацыйнай пляцоўкай таго, як добра жыць у саюзе з Расеяй: і эканоміка разьвіваецца, і сувэрэнітэт захоўваецца. І гэта быў першы крок да такой канфэдэрацыі. Але, як бачыце, вынікі атрымаліся ня вельмі натхняльныя. Не магу сказаць, што Беларусь стала выдатным пасьпяховым прыкладам для ўсіх.
Што да таго, чаму яна не ўвайшла ў склад Расеі, у мяне таксама ёсьць абсалютна празрысты адказ. У 1994 годзе ў Маскве былі праведзеныя дзьве спэцапэрацыі шляхам абраньня прэзыдэнтаў дзьвюх суседніх краінаў. Гэта былі людзі, якія былі шчыльна зьвязаныя з маскоўскімі палітычнымі коламі. Прэзыдэнт Украіны Леанід Кучма быў зьвязаны з расейскім «Газпромам», з групай Барыса Ельцына і Віктара Чарнамырдзіна, якія на той момант мелі агульныя інтарэсы адносна Украіны.
У Беларусі прэзыдэнтам быў абраны Аляксандр Лукашэнка. Я лічу, што гэта была першая пасьпяховая апэрацыя Фэдэральнай службы бясьпекі Расеі па прызначэньні свайго чалавека на пасаду прэзыдэнта краіны. Пазьней да гэтай групы лідэраў далучыцца і прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін.
Як вядома, у іншых былых савецкіх рэспубліках такога не было. Не было такіх магчымасьцяў, таму што тыя лідэры, якія былі — гэта былі прадстаўнікі старых элітаў або людзі, якія прыйшлі да ўлады без падтрымкі Масквы, альбо ня мелі магчымасьцей для інтэграцыі з Расеяй. Былі лідэры, якія прыйшлі да ўлады ў выніку грамадзянскай вайны ці перавароту, як, скажам, Эмамалі Рахмон у Таджыкістане і Робэрт Качаран у Армэніі. Але гэта было ня тое, што адбылося ва Ўкраіне і Беларусі.
Ідэя была даволі простая — што пасьля абраньня прэзыдэнтамі Кучмы і Лукашэнкі Ўкраіна і Беларусь стануць часткамі саюзнай дзяржавы на чале з Расеяй. Але расейцы пракалоліся з Кучмам, які, стаўшы прэзыдэнтам Украіны, даволі хутка адмовіўся ад такой праграмы шчыльнай інтэграцыі з Масквой. Ён аказаўся не Лукашэнкам.
У Расеі засталася ідэя, што спачатку трэба анэксаваць Украіну, а толькі потым інтэграваць Беларусь. І Беларусь працягвае стаяць у гэтай чарзе за Ўкраінай да сёньняшняга дня. Калі ўявіць сабе, што Ўкраіна будзе пераможаная ў вайне з Расеяй, а яе рэгіёны будуць далучаныя да Расеі як суб’екты Расейскай Фэдэрацыі, то прыкладна ў той жа час і без асаблівых праблем рэгіёны Беларусі таксама будуць далучаныя да РФ. Гэта значыць, будзе рэалізаваная ідэя Пуціна, зь якой ён зьвяртаўся да Лукашэнкі яшчэ ў 2002 годзе: «Далучайцеся да Расеі рэгіёнамі».
Але я яшчэ раз паўтараю, тут Беларусь у чарзе. Гэта не першасная, а другасная мэта анэксіі. І з гэтага пункту гледжаньня, украінскія вайскоўцы, якія змагаюцца за незалежнасьць і сувэрэнітэт сваёй краіны, і беларускія вайскоўцы, якія змагаюцца за незалежнасьць і сувэрэнітэт Украіны ў палку Каліноўскага, абараняюць дзяржаўнасьць Беларусі і ствараюць для беларусаў магчымасьць захаваць гэтую дзяржаўнасьць у выпадку, калі вайна паміж Расеяй і Ўкраінай ня скончыцца зьнікненьнем Украіны з палітычнай і этнаграфічнай мапы сьвету.
«Палітыка зь Юрыем Дракахрустам»
Разам з гасьцямі палітычны аглядальнік Свабоды Юры Дракахруст спрабуе зразумець сэнсы таго, што адбываецца ў беларускай і сусьветнай палітыцы, прааналізаваць тэндэнцыі, якія хаваюцца за інфармацыйным шумам, заглянуць у невядомую будучыню.
Глядзіце новыя выпускі на YouTube-канале Свабода Premium штотыдзень.
Форум