Аляксандар Лукашэнка заявіў, што эканомікі Беларусі і Паўночнай Карэі зьяўляюцца ўзаемадапаўняльнымі, таму краіны патрэбныя адна адной, паведаміла дзяржаўнае агенцтва БелТА.
«Я, як і вы, прыхільнік таго, каб мы разьвівалі нашыя дачыненьні, не азіраючыся на іншыя краіны, якія, вядома, будуць не ў захапленьні ад нашых дачыненьняў. Таму яны — канкурэнты», — сказаў Аляксандар Лукашэнка на перамовах з лідэрам Паўночнай Карэі Кім Чэн Ынам.
Паводле яго, краіны павінны рухацца ў кірунку ўзаемнага дапаўненьня нацыянальных эканомік.
«Мы зробім высновы зь мінулага, са сваіх памылак. І зробім усё, каб дачыненьні праміж КНДР і Беларусьсю былі ўзорныя», — дадаў ён.
Кім Чэн Ын заявіў, што КНДР выступае «супраць неправамернага ціску на Беларусь з боку Захаду» і выказвае «падтрымку і разуменьне мерам кіраўніцтва Беларусі, накіраваным на сацыяльна-палітычную стабільнасьць, эканамічнае разьвіцьцё».
Паводле яго, Беларусь і КНДР імкнуцца да старэньня шматпалярнага міру, заснаванага на прынцыпах самастойнасьці і справядлівасьці, а таксама маюць падобныя пазыцыі ў міжнародных пытаньнях.
«Мы выказваем салідарнасьць і поўную падтрымку на адрас Беларусі, якая імкнецца праводзіць адпаведную сваёй рэальнасьці самастойную палітыку, дасягнуць міру і разьвіцьця, працягваючы пры гэтым разьвіцьцё дачыненьняў з традыцыйна сяброўскімі краінамі», — дадаў Кім Чэн Ын, паводле БелТА.
Кім Чэн Ын і Лукашэнка падпісалі дамову аб дружбе і супрацоўніцтве, на падставе якога будуць ствараць прававую базу для супрацы.
Міністар замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў заявіў, што ў дадатак да дамовы аб сяброўстве і супрацоўніцтве, бакі дамовяцца аб супрацоўніцтве ў шэрагу абласьцей, ад сельскай гаспадаркі да інфармацыі.
Гандаль паміж дзьвюма краінамі «сьціплы», але сярод сфэр росту — экспарт фармацэўтычнай прадукцыі і прадуктаў харчаваньня зь Беларусі ў Паўночную Карэю, сказаў Рыжанкоў.
Салідарнасьць паміж краінамі, якія выступаюць супраць заходняга парадку
Улады Беларусі некалькі гадоў таму сталі актыўна заяўляць аб сваёй цікавасьці да Паўночнай Карэі — закрытай дзяржавы з дыктатарскім рэжымам, супраць якой дзейнічаюць санкцыі Рады Бясьпекі ААН, зьвязаныя зь ядзернай праграмай, якую разьвівае Пхэньян.
Візыт мае на мэце «прадэманстраваць салідарнасьць» паміж краінамі, якія выступаюць супраць заходняга парадку, заявіла агенцтву AFP Лі Хо-рон з Карэйскага інстытута абароннага аналізу.
«Кім паспрабуе скарыстацца гэтай магчымасьцю, каб падвысіць свой дыпляматычны аўтарытэт і ўмацаваць салідарнасьць сярод так званага антызаходняга блёку», — сказала яна.
Паўночная Карэя, як і Беларусь, маюць цесныя дачыненьні з Расеяй, супраць іх дзейнічаюць міжнародныя санкцыі і ў абедзьвюх краінах сур’ёзна парушаюцца правы чалавека.
Менск і Пхэньян дапамагаюць Расеі ў вайне супраць Украіны: Пхэньян адправіў свае наземныя войскі і зброю, а Менск стаў стартавай пляцоўкай для ўварваньня Расеі ва Ўкраіну ў 2022 годзе.
Беларусь і Паўночная Карэя зьяўляюцца часткай імкненьня Сі Цзіньпіна і Пуціна стварыць тое, што яны называюць «шматпалярным сьветам», каб парушыць гегемонію Захаду.
Яны аказвалі Маскве дапамогу ў вайне ва Ўкраіне, прычым Менск служыў стартавай пляцоўкай для ўварваньня, а Масква заявіла, што разьмясьціла тактычную ядзерную зброю ў Беларусі.
Лукашэнка кіруе Беларусьсю з 1994 года і цьвёрда падтрымлівае Маскву з пачатку вайны ва Ўкраіне ў 2022 годзе, нагадвае AFP.
Каля 2000 паўночнакарэйскіх салдат былі забітыя на вайне Расеі супраць Украіны. Паўднёвакарэйскія і заходнія выведвальныя службы падлічылі, што Пхэньнян адправіў у Расею тысячы салдат, у першую чаргу ў Курскую вобласьць, а таксама артылерыйскія снарады, ракеты і іншыя сыстэмы.
Расія і Паўночная Карэя падпісалі пагадненьне аб стратэгічным партнэрстве ў 2024 годзе, якое абавязвае кожны бок аказваць «ваенную і іншую дапамогу» ў выпадку нападу на другі бок.
Аналітыкі сьцьвярджаюць, што Паўночная Карэя атрымлівае фінансавую дапамогу, ваенныя тэхналёгіі, прадукты харчаваньня і энэрганосьбіты ад Расеі, што дапамагае Пхеньяну зьнізіць залежнасьць ад свайго даўняга заступніка.
Форум