Галоўны дарадца кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінэту Сьвятланы Ціханоўскай Франак Вячорка ў камэнтары Rzeczpospolita сказаў, што Анджэй Пачобут стаў для рэжыму Лукашэнкі важнейшым за іншых вядомых палітвязьняў — Бабарыку, Калесьнікаву, Сяргея Ціханоўскага. Вячорка запэўніў выданьне, што пытаньне вызваленьня Пачобута падымаецца «ўва ўсіх магчымых размовах».
Таксама ён адзначыў, што Ціханоўская размаўляла на гэтую тэму з прэм’ер-міністрам Польшчы Дональдам Тускам у Брусэлі. У Офісе Ціханоўскай ня ведаюць, чаму Пачобута ня выпусьцілі гэтым разам, калі Лукашэнка пасьля перамоваў з дарадцам Трампа Джонам Коўлам выпусьціў з турмаў 250 палітычных зьняволеных. Журналіст застаецца ў Наваполацкай калёніі, адной з найбольш суворых у Беларусі.
Некалькі не зьвязаных паміж сабою крыніц пацьвердзілі рэдакцыі Rzeczpospolita, што імя Пачобута фігуравала ў сьпісах палітвязьняў, вызваленьня якіх патрабавалі амэрыканцы.
«І кожны раз беларускі бок выкрэсьлівае ягонае імя. У Менску кажуць, што гэта „іншае пытаньне“, якое трэба вырашыць шляхам перамоваў паміж Беларусьсю і Польшчай», — паведаміла адна з крыніц, якая ўдзельнічала ў працэсе вызваленьня беларускіх палітвязьняў.
Рэальны шанец на вызваленьне Пачобута зьявіўся празь некалькі месяцаў пасьля яго арышту, у траўні 2021 году. На просьбу тагачаснага кіраўніка Казахстану Нурсултана Назарбаева і дзякуючы намаганьням былога прэзыдэнта Польшчы Аляксандра Квасьнеўскага Лукашэнка пагадзіўся вызваліць увязьненых палякаў. У той час у Польшчу паехалі трое дзеячоў польскай меншасьці, але Пачобут разам з Анжалікай Борыс, кіраўніцай непрызнанага рэжымам Зьвязу палякаў у Беларусі (ЗПБ), адмовіліся пакінуць краіну ў прысутнасьці польскага дыплямата. Праз год Аляксандар Лукашэнка памілаваў Борыс на просьбу ейнай маці. Аднак другога шанцу пасьля вызваленьня Пачобуту не далі.
Усе гэтыя гады, а Пачобут у турме з 25 сакавіка 2021 году, ня раз было чуваць пра «намаганьні вызваліць» яго ў часе кіраваньня партыі «Права і справядлівасьць». Тады Міністэрства замежных спраў падкрэсьлівала, што намаганьні працягваюцца. Палякі таксама ня раз чулі, што дзяржава «вельмі блізкая да фінішу» ў забесьпячэньні вызваленьня Анджэя. Былі нават здагадкі, што прэзыдэнт Анджэй Дуда падымаў гэтае пытаньне падчас свайго візыту ў Кітай. З таго часу прайшло амаль два гады.
Урад «Грамадзянскай кааліцыі» пайшоў далей, адкрыўшы памежныя пераходы зь Беларусьсю ў Кузьніцы і Баброўніках. Апошні быў закрыты ў 2023 годзе тагачасным кіраўніком Міністэрства ўнутраных справаў і адміністрацыі Марыюшам Камінскім у адказ на прысуд Анджэю Пачобуту. Таму лёгка здагадацца, што рашэньне аднавіць рух (у тым ліку грузавы) на гэтых участках мяжы было прынята, сярод іншага, з улікам вызваленьня паляка.
Газэта зьвяртае ўвагу, што офіс Ціханоўскай пераяжджаў у Варшаву ціха, без прысутнасьці камэраў на сустрэчы з Дональдам Тускам у Варшаве, «каб не злаваць дыктатара».
Крыніцы ў МЗС паведамілі газэце, што намаганьні вызваліць Анджэя Пачобута працягваюцца пастаянна.
Відавочна, што рэжым у Менску недаацаніў жэсты добрай волі з Варшавы. Чаго ён патрабуе ўзамен за вызваленьне Анджэя Пачобута?
«Яны чакаюць візыту ў Менск польскага палітыка як мінімум у рангу намесьніка міністра і разьлічваюць на аднаўленьне палітычных кантактаў. Пачобут цяпер знаходзіцца ў закладніках у дыктатара», — паведаміла газэце добра паінфармаваная крыніца.
«Але нават такі візыт не гарантуе посьпеху. Становішча вельмі складанае, бо ідзе вайна, і Беларусь удзельнічае ў ёй на баку Расеі», — дадала крыніца.
Інфарматар, зьвязаны з рэжымам Лукашэнкі, пацьвярджае, што Менск разьлічвае на такі візыт пасланца Варшавы, і заяўляе, што вызваленьне дзеяча польскай меншасьці будзе залежаць ад «палітычнага дыялёгу».
Анжаліка Борыс: Ці знойдзецца хто-небудзь, хто зможа пераканаць улады ў Менску вызваліць Пачобута?
Анжаліка Борыс ужо некалькі гадоў агітуе за вызваленьне Анджэя Пачобута ў Беларусі. Яна асабіста зьвярталася да Лукашэнкі і зьбірала подпісы дзеячоў ЗПБ за вызваленьне журналіста. Яна нават зьвярталася па падтрымку да вядомых польска-амэрыканскіх дзеячоў з добрымі кантактамі ў адміністрацыі Дональда Трампа. Ці дапамагло гэта?
Дыктатар двойчы прыняў яе просьбу сустрэцца з Пачобутам за кратамі. Упершыню яна наведала Анджэя ў папраўчай калёніі ў Наваполацку ў красавіку 2024 году. Тады Борыс паведаміла Rzeczpospolitej, што Пачобут пагадзіўся пакінуць Беларусь, калі яго вызваляць.
Анжаліка Борыс наведала журналіста за кратамі таксама летась, але — як яна сьцьвярджае — яны ніколі не абмяркоўвалі магчымасьці яго выезду з краіны. Сёньня ж яна спадзяецца, што Анджэй ня толькі верне сабе свабоду, як сотні іншых людзей, але і застанецца ў Горадні.
Борыс мяркуе, што зрабіла дзеля вызваленьня Пачобута ўсё, што магла. Яна пытае: ці знойдзецца нехта, хто пераканае Лукашэнку выпусьціць паплечніка з турмы?
Пачобут — не адзіны паляк, якога зьняволіў рэжым Лукашэнкі. Польскі манах Гжэгаж Гавэл, затрыманы ў верасьні і абвінавачаны ў шпіянажы, таксама ўсё яшчэ за кратамі. Яго імя фігуруе ў сьпісе больш як 880 закладнікаў рэжыму, якіх трымаюць у турме.
Хто такі Анджэй Пачобут
- Анджэй Пачобут — вядомы журналіст і грамадзкі дзеяч, сябра незарэгістраванага Саюзу палякаў Беларусі.
- Нарадзіўся 17 красавіка 1973 году ў Вялікай Бераставіцы (Горадзенская вобласьць). Яму 49 гадоў. Жыве ў Горадні. Жанаты, двое дзяцей: старэйшая дачка вучыцца ў Горадні ў мэдычным унівэрсытэце, малодшы сын ходзіць у школу.
- У 2002 годзе прыйшоў у журналістыку. Працаваў у першых незалежных горадзенскіх газэтах «Пагоня», «Дзень», «Мясцовы час», рэспубліканскай газэце «Народная воля», газэце СПБ на польскай мове Głos znad Niemna («Голас з-над Нёману»). Быў рэдактарам часопіса СПБ Magazyn Polski na uchodźstwie, карэспандэнтам буйнога польскага выданьня Gazeta Wyborcza. Займаўся тэмамі, зьвязанымі з гісторый спэцслужбаў СССР, антысавецкага супраціву ў Заходняй Беларусі, Арміяй Краёвай.
- 25 сакавіка 2021 году Андрэя Пачобута затрымалі, прыйшоўшы да яго зь ператрусам.
- Трох фігурантак «польскай справы» Ірэну Бярнацкую, Марыю Цішкоўскую і Ганну Панішаву у траўні 2021 вызвалілі ўзамен на выезд зь Беларусі. Пачобут адмовіўся ад такой прапановы. Старшыню Анжаліку Борыс у сакавіку 2022 вызвалілі зь СІЗА пад хатні арышт.
- У Анджэя хворае сэрца. Раней, асабліва ў сьпёку, у яго часта здараліся прыступы, ён слабеў, клаўся ў шпіталь праз парушаны рытм сэрца.
- За артыкул пра напад СССР на Польшчу ў верасьні 1939-га Анджэя Пачобута абвінавацілі ў «распальваньні варожасьці па нацыянальнай прыкмеце». У публікацыі Пачобут назваў напад СССР на Польшчу 17 верасьня 1939 году агрэсіяй. Таксама ў матэрыялах крымінальнай справы фігуравалі заявы журналіста ў абарону польскай меншасьці ў Беларусі, артыкул пра здушэньне беларускіх пратэстаў у 2020 годзе і тэкст 2006 году пра аднаго з камандзіраў польскага антыкамуністычнага падпольля на Горадзеншчыне.
- У 2023-м Пачобуту вынесьлі прысуд — 8 гадоў калёніі. 21 чэрвеня стала вядома, што палітвязьня перавялі ў наваполацкую калёнію № 1.
Форум