Ён прыляцеў з Расеі, паведамляе латвійскае агенцтва навін LETA.
Міністэрства абароны Латвіі паведаміла агенцтву LETA, што вайскова-паветраныя сілы зафіксавалі замежны бесьпілётны паветраны апарат, які ўвайшоў у паветраную прастору Латвіі з боку Расеі. Сыстэмы раньняга папярэджаньня зафіксавалі гук, падобны да выбуху, у Краслаўскім самакіраваньні. На месцы здарэньня знойдзеныя абломкі дрона. Там працуюць падразьдзелы Нацыянальных узброеных сілащ, Дзяржаўнай паліцыі і Дзяржаўнай памежнай службы», паведаміла LETA.
Міністэрства ўказала, што дадатковай пагрозы бясьпецы насельніцтва і паветранай прасторы Латвіі няма, таксама не было пацярпелых сярод цывільных, страты цывільнай інфраструктуры не нанесеныя. Абставіны здарэньня расьсьледуюць.
Міністар абароны Латвіі Андрыс Спрудс паведаміў, што праз гэты інцыдэнт перапыніў свой працоўны візыт ва Ўкраіну і вяртаецца ў Латвію.
Пра дрон, які заляцеў з Расеі, паведаміла і Эстонія, піша партал навінаў Estonian World. Дрон урэзаўся ў апору лініі электраперадачаў. У выніку інцыдэнту ніхто не пацярпеў, энэргасыстэма Эстоніі не была пашкоджаная, паведамілі дзяржаўныя ўстановы і энэргетычная кампанія Enefit Power, якая кіруе электрастанцыяй.
Дрон сутыкнуўся з комінам электрастанцыі 25 сакавіка ў 3:43 раніцы. На месца здарэньня былі накіраваныя сапэры ратавальнай службы, Генэральная пракуратура распачала працэс, а Служба ўнутранай бясьпекі пачала расьсьледаваньне.
Генэральны пракурор Эстоніі Астрыд Асі заявіла, што, паводле наяўнай інфармацыі, дрон ня быў накіраваны супраць Эстоніі.
Інцыдэнт адбыўся пасьля паведамленьняў аб тым, што Ўкраіна ноччу правяла атаку дронаў на расейскі порт Усьць-Луга ў Ленінградзкай вобласьці. Эстонскія службоўцы казалі, што аб’ект, які лучыў у комін, хутчэй за ўсё зьвязаны з шырэйшымі наступствамі поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны, а не з наўмыснай спробай атакаваць Эстонію.
Міністар юстыцыі Эстоніі Лійса Пакоста ў сераду раніцай паведаміла грамадзкаму трансьлятару ERR, што ўрад зьбярэцца на нечарговае паседжаньне ў сувязі з інцыдэнтам. Кампанія Enefit Power заявіла, што папярэдняя ацэнка паказвае брак значнай шкоды, нанесенай электрастанцыі, і ўплыў на энэргасыстэму Эстоніі нязначны.
LRT нагадвае, што ў ноч на панядзелак у Літве таксама адбыўся выбух: у 03:04 у вёсцы Ловіс Аранскага раёну выбухнуў і ўпаў у возера абʼект, як мяркуецца, дрон. Апытаныя LRT мясцовыя жыхары расказалі, што каля 3-й гадзіны ночы чулі моцнае гудзеньне, а затым магутны выбух.
Форум