Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вызваленьні не спынілі рэпрэсій». Беларускія праваабаронцы выступілі на 61-й сэсіі Рады правоў чалавека ААН

Сьвятлана Галаўнёва
Сьвятлана Галаўнёва

«Беларусь: ад адзінкавых крокаў да сыстэмнага паляпшэньня сытуацыі з правамі чалавека» — паралельнае мерапрыемства ў рамках 61-й сэсіі Рады правоў чалавека ААН прайшло 19 сакавіка ў швайцарскай Жэнэве.

На мерапрыемстве выступілі беларускія праваабаронцы Кацярына Дзяйкала (Беларускі Хэльсінскі камітэт), Тацяна Нядбай (ПЭН Беларусь) і Сьвятлана Галаўнёва (Праваабарончы цэнтар «Вясна»). Мадэравала дыскусію прадстаўніца БХК Анастасія Дзюбанава, піша «Вясна».

Сярод мэтаў заяўленага паралельнага мерапрыемства было ацаніць бягучую сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі, надаўшы асаблівую ўвагу рэпрэсіям і палітычнаму перасьледу. Пра гэта сказала юрыстка «Вясны» Сьвятлана Галаўнёва:

«Становішча з правамі чалавека ў Беларусі па-ранейшаму застаецца цяжкім: рэпрэсіі супраць дысыдэнтаў не даюць прыкметаў паслабленьня. На сёньня ў краіне няма праваабарончых арганізацый, незалежных СМІ, незалежных палітычных партый. Грамадзянская супольнасьць задушаная; усё, што існуе, існуе ў выгнаньні. Перасьлед працягваецца. Людзі, якія знаходзяцца ў выгнаньні, сутыкаюцца з завочнымі крымінальнымі працэсамі ды канфіскацыяй маёмасьці. Тыя, хто застаўся ў Беларусі, сутыкаюцца з новымі арыштамі ды крымінальнымі справамі.

Мы назіраем новыя палітычна матываваныя крымінальныя справы, новае рэпрэсіўнае заканадаўства, сыстэмную праблему катаваньняў і жорсткага абыходжаньня ў месцах утрыманьня пад вартай, адсутнасьць незалежнасьці судовай сыстэмы і нападкі на адвакатаў».

Як адзначыла юрыстка, за пяць гадоў інтэнсіўнага перасьледу, «Вясна» зафіксавала 100 000 выпадкаў рэпрэсій: ператрусы, арышты, допыты і г. д. Таксама праваабаронцам вядома пра больш як 9000 чалавек, якія зазналі палітычна матываваны крымінальны перасьлед. З 2020 году больш за 4000 чалавек былі прызнаныя палітычнымі зьняволенымі, многія зь іх ужо адбылі поўны тэрмін зьняволеньня. Штомесяц зьяўляецца каля 30-40 новых палітычных зьняволеных.

Таксама Галаўнёва нагадала, што памілаваныя палітычныя зьняволеныя ў многіх выпадках былі высланыя зь Беларусі, часьцяком безь якіх-кольвечы дакумэнтаў. Калі яны вернуцца, ім зноў пагражае перасьлед на радзіме.

Памілаваньні ў дачыненьні тых, каго не дэпартуюць, таксама выклікаюць сумневы, адзначыла юрыстка.

«Лукашэнка нядаўна абвясьціў аб памілаваньні Натальлі Левай. Палітычная зьняволеная зацяжарыла, калі была ў папраўчай калёніі. Яе вызвалілі, але спачатку яе і яе сям’ю зьнялі на камэру ў прапагандысцкім відэа. Падобна, што гэта было ўмовай яе вызваленьня».

Галаўнёва ў часе выступленьня з Жэнэве падкрэсьліла, што для палітычных зьняволеных надзвычай важна, каб іх вызвалілі ў бясьпечных умовах, каб у іх была магчымасьць аднавіць сілы і вярнуцца да нармальнага жыцьця. Аднак на гэты момант такую магчымасьць ім не заўсёды даюць.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG