Як паведаміла выданьне «Позірк», на гэтай пасадзе ён зьмяніў іншага прадстаўніка Беларусі Валянціна Татарыцкага, які працаваў чальцом калегіі ЭЭК з 1 лютага 2024 году.
У склад калегіі ЭЭК уваходзяць 10 чалавек (па два ад кожнай дзяржавы — удзельніцы Эўразійскага эканамічнага саюзу). Апроч Аляксандра Субоціна, у ёй працуе Максім Ермаловіч — колішні міністар фінансаў. У 2020–2024 гадах кіраўніком ЭЭК быў колішні прэм’ер Беларусі Міхаіл Мясьніковіч. Цяпер камісію ачольвае Бактыжан Сагінтаеў (Казахстан).
Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ аб адстаўцы Аляксандра Субоціна сёлета 15 студзеня. Пры гэтым Лукашэнка, як паведамляла ягоная прэсавая служба, «паабяцаў яго загрузіць на ўсе застаўкі».
Як стала вядома BelPol, Лукашэнка звольніў Субоціна за праблемы ў жывёлагадоўлі ў Віцебскай вобласьці і невыкананьне яго даручэньняў. Празь некалькі тыдняў, даведаўшыся, што кіраўніка вобласьці калегі праводзілі воплескамі, Лукашэнка абурыўся.
«Ведаю, што там бурнымі воплескамі праводзілі былога губэрнатара: ах, добры чалавек!» — заявіў Лукашэнка на нарадзе 3 лютага 2026 году і зьвярнуўся пэрсанальна да намесьніцы старшыні аблвыканкаму Анжалікі Нікіцінай:
«Спадарыня Нікіціна, вам для ведама, каб вы разумелі, што добры чалавек — гэта яшчэ ня добры прафэсіянал».
Эўразійскі эканамічны саюз — арганізацыя рэгіянальнай эканамічнай інтэграцыі, якая мае міжнародную правасуб’ектнасьць. У яе ўваходзяць Беларусь, Казахстан і Расея (з 1 студзеня 2015 году), а таксама Армэнія (з 2 студзеня 2015 году) і Кіргізстан (з 12 жніўня 2015 году). Назіральнікі — Куба, Малдова і Ўзбэкістан. Дамова аб зоне вольнага гандлю з ЭАЭС падпісалі Віетнам, Сэрбія і Сынгапур.
Форум