Лінкі ўнівэрсальнага доступу

64 чалавекі загінулі падчас удару па шпіталі ў Судане

Разбураны ракетай шпіталь у Судане
Разбураны ракетай шпіталь у Судане

У Судане ў выніку ракетнага ўдару па ўнівэрсытэцкім шпіталі ў Аль-Дэайне загінулі 64 чалавекі, у тым ліку 13 дзяцей, паведаміла Сусьветная арганізацыя аховы здароўя.

Сярод загінулых — дзьве мэдсястры, лекар і пацыенты. Удар адбыўся ў ноч на 21 сакавіка. Паводле неафіцыйных паведамленьняў, яго нанесла суданская армія падчас грамадзянскай вайны.

Раненьні атрымалі амаль 90 чалавек. Праз удар былі часткова разбураныя пэдыятрычнае і радзільнае аддзяленьні, а таксама аддзяленьне экстранай дапамогі. Праз сур’ёзныя разбурэньні шпіталь спыніў працу, паведаміла САЗ.

«Праліта дастаткова крыві. Прынесена дастаткова пакутаў. Прыйшоў час дээскаляваць канфлікт у Судане і забясьпечыць абарону цывільнага насельніцтва, мэдыцынскіх работнікаў і гуманітарных дзеячоў. Ахова здароўя ніколі ня мусіць станавіцца мішэньню», — напісаў кіраўнік САЗ Тэдрас Гебрэесус.

Увесну 2023 году ў Судане пачалася грамадзянская вайна паміж дзейнай уладай і групоўкай «Сілы хуткага рэагаваньня» (RSF).

Рэгіён заходняга Дарфуру, дзе месьціцца шпіталь, кантралюе RSF. У цяперашняй атацы яны абвінавацілі армію, паведаміла Associated Press. Афіцыйна армія Судана гэта адмаўляе, але дзьве ананімныя крыніцы сярод суданскіх вайскоўцаў паведамілі журналістам, што цэльлю ракетнага ўдару быў пастарунак каля шпіталя.

Паводле ААН, у выніку збройнага канфлікту ў Судане загінулі больш за 40 тысяч чалавек, а больш як 8 мільёнаў былі вымушаны зьехаць з краіны. Абодва бакі вінавацяць адзін аднаго ў вайсковых злачынствах. Экспэрты ААН заяўлялі, што ў дзеяньнях групоўкі RSF ёсьць «прыкметы генацыду». Амаль палова насельніцтва ў Судане знаходзіцца на мяжы голаду праз баявыя дзеяньні. Супрацоўнікі гуманітарных місіяў таксама часта становяцца аб’ектамі нападаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG