Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Польшчы цягнік «Зубар» урэзаўся ў статак зуброў

Зубры. Ілюстрацыйнае фота
Зубры. Ілюстрацыйнае фота

На Падляшшы каля вёскі Краскоўшчына, што за 7 км ад беларускай мяжы, цягнік Беласток — Варшава з назвай «Зубар» урэзаўся ў статак зуброў.

Тры жывёліны загінулі. Пасажыры і брыгада цягніка не пацярпелі, перадае rmf24.pl.

У Польшчы ўсё часьцей зубры выходзяць зь лясоў на палеткі і дарогі. Рэгіянальная дырэкцыя дзяржаўных лясоў у Беластоку адзначыла, што ў Белавескай пушчы зубрам ужо цесна — іх каля 1200, што амаль утрая больш за «ёмістасьць асяродзьдзя». Праз гэта зубры і выходзяць з пушчы ў пошуку ежы і жыцьцёвай прасторы.

Напярэдадні аварыі фэрмэрскі партал farmer.pl паведаміў, што толькі ў Падляскім ваяводзтве было выплачана 6 мільёнаў злотых (каля 1,6 мільёна $) кампэнсацый фэрмэрам за ўчыненую зубрамі шкоду. На Падляшшы цяпер жыве каля 1500 зуброў. Фэрмэры кажуць, што гэта занадта шмат і заклікаюць рэгуляваць колькасьць папуляцыі «лясных цароў».

У беларускай частцы Белавескай пушчы налічылі крыху больш за 700 зуброў. Агульная колькасьць зуброў і ў Польшчы, і ў Беларусі падобная — каля трох тысяч жывёлін.

Паляваньне на зуброў у Беларусі дазволенае паводле квотаў. Плюс асобныя квоты прадаюцца за вялікія грошы на трафэйнае паляваньне. Летась у Чырвонай кнізе панізілі ахоўны статус гэтага віду. У 2023 годзе кіраўнік Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў Ігар Шуневіч выступіў за перавод зубра ў статус паляўнічай жывёлы:

«Яму сёньня нічога не пагражае, вымаць яго можна не адзінкамі — дзясяткамі», — казаў Шуневіч.

Летась у Беларусі ўпершыню за доўгі час адкрылі паляваньне на мядзьведзяў і рысяў.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG