Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар Рыжанкоў: акупанты палілі беларускія вёскі яшчэ ў Першую сусьветную вайну

Нямецкія салдаты ў беларускай вёсцы, Першая сусьветная вайна
Нямецкія салдаты ў беларускай вёсцы, Першая сусьветная вайна

Акупанты палілі беларускія вёскі яшчэ ў часе Першай сусьветнай вайны, заявіў міністар замежных справаў Максім Рыжанкоў на адкрыцьці выставы «Выратаваньне Эўропы. 110 гадоў Нарачскай апэрацыі» ў Нацыянальным гістарычным музэі.

Пра гэта паведамляе БЕЛТА.

«Упершыню вёскі на тэрыторыі Беларусі былі спаленыя акупантамі не ў 1941 годзе, а ў часе Першай сусьветнай вайны, у 1915 годзе. Ужо тады пракацілася хваля агню па нашай зямлі», — сказаў кіраўнік МЗС Беларусі.

Ён нагадаў, што 22 сакавіка будзе гадавіна яшчэ адной трагедыі — зьнішчэньня Хатыні падчас Другой сусьветнай вайны.

«І пытаньне заканамернае для нас усіх: што ж атрымаў узамен той ахвяры беларускі народ? Нічога, акрамя гістарычнага забыцьця», — сказаў Максім Рыжанкоў.

«Нас увесь час вучаць, як нам жыць, што нам рабіць. Сёньня зброя, якая выкарыстоўваецца супраць нас — ня бомбы, не ракеты. Гэта абмежаваньні, санкцыі, якія б’юць па звычайных людзях, стрымліваюць разьвіцьцё нашай дзяржавы, як і многіх іншых. Арсэнал памяняўся, але задачы тыя ж самыя», — лічыць міністар.

Праект у Нацыянальным гістарычным музэі, на адкрыцьці якога выступіў міністар, прысьвечаны адной з самых кровапралітных бітваў Першай сусьветнай вайны — Нарачанскай апэрацыі, якая пачалася 18 сакавіка 1916 году.

За год да Нарачанскай кампаніі адбыўся так званы Сьвянцянскі прарыў немцаў, які ўдалося ліквідаваць пры дапамозе надзвычайнага геройства і самаахвярнасьці салдатаў. Нягледзячы на атрыманы ўрок, у сакавіку 1916-га расейцы распачалі вялікую наступальную апэрацыю.

Нагодай стаў зварот па дапамогу ад французаў, якія вялі цяжкія баі пад Вэрдэнам. Аднак час і месца наступу былі выбраныя няўдала. Як вынік праліку камандаваньня — велізарныя страты. Зрэшты, немцы тады так і не змаглі перакінуць войскі на Заходні фронт, таму ў маштабах Эўропы эфэкт усё ж быў. Іншая справа, якой цаной.

Цягам 10 дзён расейскія дывізіі бясплённа намагаліся зламіць непрыяцеля колькасьцю, пакуль нават камандаваньню ня стала відавочна: «мясарубка» ня мае ніякага сэнсу.

Першая сусьветная вайна для Беларусі скончылася вялізнымі незваротнымі стратамі. Гісторыкі кажуць пра мільён загінулых беларусаў. Гаворка ня толькі пра фізычнае зьнішчэньне на палях баяў — з мабілізаваных 700 тысяч беларускіх мужчын не вярнуўся кожны дзясяты. Адбылося вымываньне чалавечага рэсурсу.

Тагачаснае насельніцтва хоць і не зьнішчалі ў канцлягерах і ня спальвалі цэлымі вёскамі, але людзі ў вялікай колькасьці паміралі ад хваробаў, голаду і суровых зімаў. Хтосьці так ці інакш трапляў пад артабстрэлы і газавыя атакі, дамы іх былі разбураныя і спаленыя падчас баёў. Сотні тысяч людзей прымусова вывезьлі ў эвакуацыю, адкуль большасьць не вярнулася.

Пасьля бальшавіцкай рэвалюцыі, якая стала непасрэдным наступствам той вайны, жыцьцё так і не аднавілася ў сваім колішнім рэчышчы.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG