Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі добраахвотнік зьбіраецца адкрыць рэстаран у Кіеве і стварыць сыстэму рэабілітацыі для вайскоўцаў

Арцём Грот у часе інтэрвію ўкраінскай вайсковай тэлевізіі, травень 2024 году
Арцём Грот у часе інтэрвію ўкраінскай вайсковай тэлевізіі, травень 2024 году

Арцём Грот ваяваў ва Ўкраіне з 2014 году, у выніку раненьня страціў нагу, дапамагаў разьбіраць завалы дзіцячай лякарні ў Кіеве пасьля расейскай атакі, а цяпер хоча адкрыць рэстаран.

Вэтэран сіл спэцыяльных апэрацый Украіны называе сябе ўкраінцам беларускага паходжаньня. Ва Ўкраіне ён стаў вядомы сваімі спартовымі і вэтэранскімі ініцыятывамі.

Як ён паведаміў агенцтву «РБК-Україна», рэстаран павінен стаць часткай больш шырокай мадэлі вэтэранскага грамадзтва — месцам працы для тых, хто вярнуўся з фронту, і сустрэч для аднадумцаў.

Раней Арцём Грот заснаваў TMS HUB — спартовую прастору па джыў-джытсу для рэабілітацыі вайскоўцаў, які з часам перарос у сетку вэтэранскіх клюбаў, байцоўскі клюб M13 FIGHTS і мотаклюб MEMORIA MMC.

Беларускі добраахвотнік у 2025 годзе стаў чэмпіёнам сьвету па пара-джыў-джытсу ў Абу-Дабі, срэбным прызёрам чэмпіянату Эўропы і шматразовым чэмпіёнам Украіны.

Арцём зьехаў зь Беларусі ў 18 гадоў. «Калі я ўхваліў рашэньне ісьці ваяваць, я наладзіў кантакты праз сувязі, зьвязаныя зь футболам і фанацкім рухам. Праз ультрас, кантакты паміж „Дынама“ Менск і „Дынама“. У 2014-2015 гадах я служыў у „Азове“. З 2016 году — у Сілах спэцыяльных апэрацый да вясны 2021 году. Пасьля гэтага я стаў вэтэранам Сіл спэцыяльных апэрацый», — расказаў ён.

Добраахвотнік адзначыў, што ў Беларусі ў моладзі не выхоўваецца нацыянальная ідэнтычнасьць.

«Няма разуменьня, што ты павінен змагацца за сваё. І нават няма дакладнага разуменьня, што такое „сваё“. Я пражыў у Беларусі да 18 гадоў і пры гэтым ня ведаю беларускай мовы, як і 99 % беларусаў. Поўная калянізацыя — усё аднолькава. Ніхто асабліва не разьбіраецца, што там дзяліць: братэрскія народы, інтэграцыя», — адзначыў ён.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG