Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады ў Беларусі паведамілі, як будуць спаганяць падатак на сабак

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

З 1 ліпеня 2026 году ў Беларусі падатак на сабаку будуць налічваць ня толькі тым гаспадарам, якія самастойна зарэгістравалі гадаванца.

Будуць плаціць і тыя, у каго выявяць наяўнасьць сабакі нават без рэгістрацыі. Будуць карыстацца і падказкамі «неабыякавых грамадзян».

Як будуць зьбіраць інфармацыю пра гэта, у этэры СТВ расказала намесьніца генэральнага дырэктара ў ідэалягічнай працы Менскай гарадзкой жыльлёвай гаспадаркі Вольга Драпей. Ідзецца пра так званую электронную базу жывёлаў.

«Інфармацыю мы будзем атрымліваць штомесяц. З вэтэрынарных клінік, куды зьвяртаюцца людзі, куды прыводзяць свайго сабаку на часовае ўтрыманьне, у гатэль, а таксама з паведамленьняў грамадзян, ад суседзяў», — падзялілася плянамі яна.

Стаўкі падатку на 2026 год ужо зацьвердзілі. За сабаку звычайнай пароды — 14 рублёў, за патэнцыйна небясьпечнага — 67 рублёў у квартал. Мясцовыя саветы могуць карэктаваць стаўкі, але ня больш як у два разы.

Падатак на сабаку ў Беларусі налічваюць, калі жывёліне спаўняецца тры месяцы.

Але ёсьць тыя, хто можа ўнікнуць сплаты падатку. Такія льготы атрымліваюць інваліды, якія маюць у валоданьні сабак-павадыроў, інваліды І, ІІ і ІІІ групаў.

Ад сплаты падатку вызваляюцца таксама шматдзетныя сем’і, прыёмныя сем’і дзяцей-інвалідаў да 18 гадоў і грамадзяне, якія жывуць у аднакватэрных або ізаляваных памяшканьнях.

Зарэгістраваць гадаванца можна пасьля звароту ў службу «адно акно» на месцы жыхарства з дакумэнтам, які сьведчыць асобу.

Працэдура рэгістрацыі дармовая. Жэтон і пасьведчаньне можна атрымаць у той жа дзень. А вось брак рэгістрацыі лічыцца парушэньнем правілаў утрыманьня, за што прадугледжаны штраф да 675 рублёў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG