Паводле яго слоў, пад абстрэл патрапілі чатыры раёны вобласьці. «Больш за ўсё пашкоджаньняў у Абухоўскім і Браварскім раёнах. Цяпер ёсьць інфармацыя аб прыкладна 30 пашкоджаных аб’ектах», — напісаў Калашнік.
У Вышгародзкім раёне пашкоджаны шматпавярховікі і складзкія памяшканьні. У Браварскім раёне — два прыватныя дамы, інтэрнат, нежылыя, офісныя і вытворчыя будынкі, памяшканьне рэстарана, гаражны каапэратыў. У Абухоўскім раёне пашкоджаны дзьве школы і дзіцячы садок, тры прыватныя жылыя дамы, шматпавярховік, нежылыя і вытворчыя памяшканьні. У Бучанскім раёне пашкоджаны прыватны дом.
Выданне «Insider.ua» піша, што мэтай атакі сталі Трыпальскай ТЭС і падстанцыя ў Налівайкаўцы, якая забясьпечвае сувязь Кіева з Ровенскай АЭС. У Кіеўскай вобласьці ўведзены экстраныя адключэньні электраэнэргіі. Кіеўская гарадзкая адміністрацыя піша ў сваім тэлеграм-канале, што ў выніку начнога расейскага абстрэлу на некаторых участках спыніўся рух тралейбусаў.
Зьявіліся першыя паведамленьні аб праблемах са сьвятлом у Кіеве і Кіеўскай вобласьці. З іншых рэгіёнаў Украіны таксама прыходзяць паведамленьні аб увядзеньні больш жорсткіх графіках адключэньня электрычнасьці.
Расейскі дрон атакаваў цягнік у Харкаўскай вобласьці. Бесьпілётнік ударыў па прыгарадным цягніку, пашкоджаны цеплавоз. Машыніст і яго памочнік параненыя, пасажыры не пацярпелі.
У Сумах пад абстрэлы патрапіў прыватны сэктар, пашкоджаны прыватныя дамы, пачаўся маштабны пажар, паведамляе Дзяржаўная служба па надзвычайных сытуацыях.
Па дадзеных Паветраных сіл УСУ, у ноч на 14 сакавіка Расея выкарыстала для нападу на Украіну 430 ударных дронаў і 68 ракет розных тыпаў.
Форум