Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Францыя адмовіла беларускаму мастаку-акцыяністу Аляксею Кузьмічу ў статусе ўцекача

Аляксей Кузьміч
Аляксей Кузьміч

Адказ з адмовай францускіх уладаў мастак апублікаваў на сваёй старонцы ў фэйсбуку.

З дакумэнту вынікае, што рашэньне прынятае на падставе п. 1 арт. L.511-7 Кодэксу аб уезьдзе і пражываньні замежнікаў і праве на прытулак. Згодна з згаданай нормай, у наданьні статусу ўцекача можа быць адмоўлена, калі «існуюць сур’ёзныя падставы меркаваць, што прысутнасьць гэтай асобы ў Францыі нясе сур’ёзную пагрозу бясьпецы дзяржавы».

Аляксей Кузьміч — сын вядомага мастака, таксама Аляксея Кузьміча. Раней ладзіў правакацыйныя пэрформансы ў Беларусі.

У кастрычніку 2023 году яго відэафільм «Іншаплянэтнікі ў Беларусі. Транзыт або Зад назад» прыцягнуў увагу беларускіх сілавікоў. У лютым 2024-га Кузьміч быў эвакуаваны зь Беларусі фондам салідарнасьці BySоl, пасьля таго як прыехаў у краіну ў сувязі са сьмерцю бабулі, успамінае «Позірк».

Прыканцы ліпеня 2024 году акцыяніста затрымалі за пэрформанс, у час якога ён раскопваў магілу славутага нідэрляндзкага мастака Вінцэнта Ван Гога на муніцыпальных могілках у францускім Авэр-сюр-Уаз. На падставе рашэньня суду Кузьміча адправілі ў сьледчы ізалятар для замежнікаў.

2 жніўня суд Пантуазу пастанавіў дэпартаваць Кузьміча ў Беларусь. Пазьней рашэньне пра дэпартацыю скасавалі.

Таксама яго аштрафавалі на 3 тысячы эўра і прысудзілі да месяца ўмоўнага зьняволеньня. 7 жніўня суд пастанавіў пакінуць Кузьміча ў зьняволеньні яшчэ на 26 содняў. Мастак заявіў, што яго ўтрыманьне пад вартай неабгрунтаванае, яго правы парушаюцца, і абвясьціў галадоўку.

14 жніўня Мэлюнскі адміністрацыйны суд ануляваў рашэньне пра дэпартацыю Кузьміча ў Беларусь, а 21 жніўня яго вызвалілі з ізалятара.

21 верасьня таго году ў сацыяльных сетках Кузьміча быў апублікаваны відэазапіс чарговай акцыі. Кузьміч намаляваў пад Вандомскай калёнай у Парыжы тэстыкулы, каб разам з манумэнтам яны ўтварылі фалічны сымбаль. Сваю акцыю ён назваў «Апладненьне». Празь некалькі дзён, 23 верасьня, на старонцы Кузьміча ў інстаграме зьявілася паведамленьне пра яго арышт і крымінальны перасьлед у Францыі.

«Кузьміч арыштаваны. Яму ставіцца ў віну крымінальны артыкул: вандалізм у дачыненьні помніка архітэктуры, які ёсьць культурным здабыткам Францыі», — гаварылася ў паведамленьні.

Пазьней Кузьміча перавялі пад хатні арышт.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG