«Мяжа — гэта ня проста лінія на мапе. На мяжы Літвы і Беларусі мяне пераканалі, як выглядае на практыцы абарона зьнешняй мяжы Эўразьвязу і NATO. Пакуль вакол Чэхіі саюзьнікі, Літва і Латвія стаяць на перадавой абароны эўрапейскай бясьпекі і сутыкаюцца з гібрыдным ціскам з боку Расеі і Беларусі», — напісаў Пэтр Павэл на сваёй старонцы ў Facebook.
Прэзыдэнт Чэхіі адзначыў, што сярод такіх атак — парушэньні паветранай прасторы, незаконная перасячэньне мяжы мігрантамі, а таксама маштабныя кампаніі дэзынфармацыі.
На афіцыйным сайце чэскага лідэра паведамляецца, што перад гэтым Пэтэр Павэл наведаў Латвію, дзе тэма супрацы ў галіне абароны таксама абмяркоўвалася.
«Існуе вельмі выразны кансэнсус наконт таго, што доўгатэрміновая і непасрэдная пагроза зыходзіць ад Расеі. Таму мы таксама абмеркавалі магчымасьці далейшага супрацоўніцтва, напрыклад, у галіне бесьпілётнікаў і абароны ад іх. Сярод іншага, Латвія будуе навучальны цэнтар, у дзейнасьці якога мы маглі б удзельнічаць і выкарыстоўваць яго магчымасьці», — сказаў ён.
Днямі Дэпартамэнт стратэгічных камунікацый Узброеных сіл Літвы абнародаваў агляд варожага інфармацыйнага асяродзьдзя за 2025 год, у якім заявілі аб узмацненьні інфармацыйнага ціску з боку Беларусі. Гэтаму папярэднічала справаздача спэцыяльных службаў Літвы аб вонкавых пагрозах нацыянальнай бясьпецы, сярод якіх таксама назвалі Беларусь.
Форум