Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: 145 гадоў таму беларус Ігнат Грынявіцкі забіў расейскага імпэратара Аляксандра ІІ

Ілюстрацыйная выява. Замах на жыцьцё Аляксандра ІІ: выбух другой бомбы, 1 сакавіка 1881 году. Мастак — Арнольд Бальдынгер
Ілюстрацыйная выява. Замах на жыцьцё Аляксандра ІІ: выбух другой бомбы, 1 сакавіка 1881 году. Мастак — Арнольд Бальдынгер

Падзеі 13 сакавіка ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дата дня

13 сакавіка 1881 году расейскі імпэратар Аляксандар II быў сьмяротна паранены ў Пецярбургу бомбай, кінутай 25-гадовым ураджэнцам Беларусі Ігнатам Грынявіцкім. У замаху загінуў і сам Ігнат Грынявіцкі.

Ігнат Грынявіцкі
Ігнат Грынявіцкі

Грынявіцкі — удзельнік рэвалюцыйнага руху, сябра нелегальнай партыі «Народная воля», адзін з заснавальнікаў яе беларускай фракцыі. Менавіта на ўстаноўчым сходзе партыі «Народная воля» ў жніўні 1879 году ў Ліпецку быў зацьверджаны сьмяротны прысуд імпэратару Аляксандру ІІ. Грынявіцкі стаў адным з чатырох выканаўцаў, якім «Народная воля» даручыла выканаць забойства. Агулам на працягу двух гадоў было зроблена шэсьць замахаў на Аляксандра ІІ, але загінуў ён пасьля замаху Грынявіцкага.

У сваім запавеце рэвалюцыянэр-нарадаволец напісаў:

«Аляксандар ІІ павінен памерці. Ён памрэ, а разам зь ім памром і мы, яго ворагі, яго забойцы... Гісторыя сьведчыць, што раскошнае дрэва свабоды вымагае чалавечых ахвяраў».

Таксама ў гэты дзень

1898 — на зьезьдзе ў Менску заснаваная РСДРП.

1938 — расейская мова ўведзеная як абавязковы прадмет для вывучэньня ва ўсіх школах СССР.

1940 — у Ліду прыяжджае дэлегацыя пісьменьнікаў на чале зь Янкам Купалам. Прыехалі Зэлік Аксельрод, Пятро Глебка, Алесь Кучар. Госьці спыніліся ў былым гатэлі «Брыстоль», харчаваліся ў былым рэстаране-сталоўцы «Амэрыканка». У Купалы была высокая тэмпэратура, і работнікі фабрыкі «Ардаль» падарылі яму галёшы. Першая сустрэча адбылася ў чыгуначным клюбе. Сабралася больш за 700 чалавек.

1992 — Беларусь усталявала дыпляматычныя дачыненьні зь Нямеччынай.

У гэты дзень нарадзіліся

1848 Баляслаў Геранім Клапатоўскі, рымска-каталіцкі дзеяч, біскуп луцка-жытомірскі, арцыбіскуп магілёўскі.

1934Аўгіньня Кавалюк, беларуская паэтка.

1936Майкл Дэвіс, брытанскі каталіцкі навуковец і публіцыст.

1942 Сяргей Ханжанкоў, стваральнік падпольнай групы, якая мелася падарваць радыёглушыльную вежу ў Менску (1963), вязень савецкіх лягераў.

1949 Анатоль Тозік, беларускі дзяржаўны дзяяч і дыплямат.

1954 Сяргей Сідорскі, былы прэм’ер-міністар Беларусі.

1965 Юрась Пацюпа, беларускі мовазнавец, паэт, празаік, крытык.

У гэты дзень памерлі

1720 Казімер Ян Павал Сапега, дзяржаўны дзяяч Вялікага княства Літоўскага.

1919 Аляксандар Грыкоўскі, беларускі грамадзкі дзяяч, настаўнік першай беларускай школы ў Горадні.

1920 Андрэй Сьнітка, беларускі археоляг, этнограф, краязнавец.

XS
SM
MD
LG