Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Міністэрстве здароўя і Сьледчым камітэце праводзяць праверку факту гібелі ў Койданаве маці і немаўляці

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Начальнік галоўнага ўпраўленьня арганізацыі мэдычнай дапамогі Міністэрства аховы здароўя Беларусі Леанід Недзень заявіў аб стварэньні спэцыяльнай камісіі для высьвятленьня абставін сьмерці маці і немаўляці ў Дзяржынскай цэнтральнай раённай лякарні.

«Канчатковы дыягназ будзе вызначаны пасьля атрыманьня вынікаў паталягаанатамічнага ўскрыцьця і правядзеньня судова-мэдычнай экспэртызы. Ухвалена рашэньне аб прыпыненьні рэалізацыі і мэдычнага выкарыстаньня лекавага прэпарату», — сказаў Леанід Недзень.

Паводле яго, у часе праверкі ацэняць усе этапы наданьня мэдычнай дапамогі.

У Сьледчым камітэце Беларусі паведамілі, што яго Дзяржынскі раённы аддзел таксама праводзіць праверку гэтага факту.

На месцы здарэньня працавала сьледча-апэратыўная група. Сьледчыя з залучэньнем спэцыялістаў Менскага абласнога ўпраўленьня Дзяржаўнага камітэту судовых экспэртызаў правялі агляд, забралі мэдычную дакумэнтацыю, выкарыстаныя прэпараты і інструмэнты, апыталі відавочцаў і прызначылі комплекс экспэртных дасьледаваньняў.

«Асаблівая ўвага ў праверцы будзе нададзеная вызначэньню прычын і ўмоваў, якія прывялі да гібелі пацыенткі і немаўляці. Абставіны здарэньня высьвятляюцца», — адзначаецца ў паведамленьні.

Інфармацыя аб гібелі маці і немаўляці ў Дзяржынскай ЦРБ зьявілася ў сацыяльных сетках. Гэта адбылося 8 сакавіка.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG