Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Даў сьвету беларускі погляд на Скарыну». Дасьледчык Паршанкоў — пра працы і навуковую школу Георгія Галенчанкі

Георгій Галенчанка
Георгій Галенчанка

Беларускі дасьледнік, выкладчык Карлавага ўнівэрсытэту ў Празе Аляксандар Паршанкоў ведаў Георгія Галенчанку асабіста. Гісторык, які вярнуў Скарыну сапраўднае імя, памёр ва ўзросьце 89 гадоў у Беларусі.

Аляксандар Паршанкоў кажа, што вельмі ўдзячны, што падчас апошніх прыездаў у Беларусь у яго была магчымасьць назіраць за гісторыкам. Паршанкоў найперш адзначае, што Галенчанка напісаў апошнюю на сёньня падагульняючую манаграфію пра Францішка Скарыну.

«З 1993 года дагэтуль ні ў Беларусі, ні за яе межамі не з’явілася новай манаграфіі, якая б комплексна прадставіла вобраз Францыска Скарыны. Таму мы павінны быць удзячныя Георгію Якаўлевічу і прызнаць, што шмат у чым сучасныя погляды на Скарыну сфармаваліся дзякуючы яго дзейнасьці. Ён вельмі доўга займаўся гэтай тэмай».

Паршанкоў прыгадвае, што яшчэ ў канцы 1970-х гадоў пры ЮНЭСКА была падрыхтаваная публікацыя пра Скарыну.

«Там было некалькі аўтараў, але адну з галоўных роляў, як мне падаецца, адыграў менавіта Георгій Галенчанка. Гэтая кніга выйшла па-француску і па-англійску і фактычна прадставіла сьвету беларускага першадрукара. Канешне, сёньня яе можна назваць часткова састарэлай, але на той час яна дала вельмі важны беларускі погляд на Скарыну і прадставіла яго на міжнародным узроўні».

Паводле Паршанкова, тэмы, якімі займаўся Георгій Якаўлевіч Галенчанка, у свой час былі ў пэўным сэнсе небясьпечнымі.

«Дасьледаваць старажытную Беларусь, гісторыю кнігі і кнігадрукаваньня было не так проста. Акрамя таго, трэба ўзгадаць, што ён стаў аўтарам вялікай часткі фундамэнтальнай працы „Кніга Беларусі“. Менавіта яму належыць разьдзел, прысьвечаны старадрукам. У гэтай працы ён падрабязна апісаў старадрукаваныя выданьні ад XVI да XVIII стагодзьдзя: дзе яны знаходзяцца, у якіх бібліятэках, даў спасылкі на крыніцы і літаратуру. Калі паглядзець на маштаб гэтай працы, то становіцца зразумела, што яна сапраўды тытанічная».

Аляксандар Паршанкоў лічыць, што вельмі шмат у чым парадыгма беларускай навукі — у тым ліку дасьледаваньняў пра Вялікае Княства Літоўскае, пра культуру і сувязі беларусаў з усходнімі і заходнімі славянамі — была сфармаваная дзякуючы працам Георгія Галенчанкі. «І дагэтуль гэта застаецца актуальным. Ёсьць над чым думаць, ёсьць што пераглядаць, але дасьледчыкі пастаянна зьвяртаюцца да гэтых тэкстаў», кажа выкладчык Карлавага ўнівэрсытэту.

Паршанкоў сам часта зьвяртаецца да кнігаў гісторыка Галенчанкі.

«Ягоная манаграфія „Францыск Скарына — беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар“ — гэта таксама праца, да якой яшчэ доўга будуць зьвяртацца. Там зроблена велізарная дасьледчая работа: ён прааналізаваў рукапісныя сьпісы, якія засталіся ад кніг Скарыны, паказаў традыцыю выкарыстаньня гэтых кніг пасьля Скарыны, як яго спадчына жыла далей на розных тэрыторыях — і ў беларускіх землях, і ва ўсходнеславянскім сьвеце».

Яшчэ адно дасягненьне, паводле Паршанкова, што Галенчанка пакінуў па сабе школу.

«У беларускай навуцы гэта даволі рэдкая з’ява. Канешне, нельга сказаць, што гэта школа ў клясычным разуменьні, як, напрыклад, вядомыя эўрапейскія навуковыя школы. Але ў яго былі вучні, людзі, якім ён фактычна адкрыў вочы на нашу мінуўшчыну. Таму ўнёсак Георгія Якаўлевіча павінен быць ацэнены на самым высокім узроўні. І вельмі шкада, што ён адышоў у іншы сьвет. Таксама вельмі шкада, што многія беларускія дасьледчыкі, якія цяпер знаходзяцца ў Эўропе, ня могуць разьвітацца зь ім на радзіме».

  • Георгій Галенчанка нарадзіўся 28 лютага 1937 году ў Петразаводску (Карэлія). Ён вярнуў Скарыну сапраўднае імя: знайшоў дакумэнт, які паказвае, што насамрэч «Георгіус» — не другое імя друкара, а прыкрая памылка, зробленая перапісчыкам у копіі дакумэнту: замест «выдатнага» — «egregius» — Францыск Скарына стаў «georgius’ам».
  • Галенчанка скончыў гістфак БДУ і асьпірантуру Гісторыка-архіўнага інстытуту ў Маскве. Абараніў дысэртацыю «Гісторыя беларускага кнігадрукаваньня XVI–XVIII стагодзьдзяў».
  • Галенчанка першы адкрыў для шырэйшага кола чытачоў кнігі, выдадзеныя на беларускіх землях у першыя стагодзьдзі існаваньня кнігадрукаваньня.
XS
SM
MD
LG