Лукашэнка, як паведамляе яго прэс-служба, зазначыў, што Хамэнэі ўзначаліў краіну «у выключна складаны момант», але пад яго кіраўніцтвам Іран «працягне ісьці шляхам адстойваньня незалежнасьці, забесьпячэньня стабільнага росту, захаваньня духоўнай спадчыны і ўмацаваньня сваёй ролі на міжнароднай арэне».
«Гэта стане найлепшай данінай памяці вашым бацькам, родным і блізкім, а таксама ўсім іранцам, якія зараз аддаюць жыцьці дзеля абароны айчыны», — гаворыцца ў віншаваньні.
Лукашэнка таксама зазначыў, што Іран і Беларусь «на працягу доўгага часу падтрымліваюць трывалыя дружалюбныя сувязі, заснаваныя на ўзаемнай павазе і даверы»: «Высока цэнім адносіны партнэрства з Тэгеранам і надаём вялікае значэньне далейшаму пашырэньню кантактаў на ўсіх узроўнях».
Раніцай 28 лютага Ізраіль і Злучаныя Штаты Амэрыкі распачалі ваенныя дзеяньні ў Іране. Хамэнэні, які знаходзіцца ва ўладзе з 1989 года, быў забіты на 87 годзе жыцьця.
2 сакавіка, на другі дзень пасьля падзеяў, Лукашэнка накіраваў спачуваньне прэзыдэнту Ірана Масуду Пезешкіану.
28 лютага МЗС у сувязі з ударамі па Іране асудзіў «любыя ўзброеныя дзеяньні, якія вядуць да гібелі цывільнага насельніцтва».
4 сакавіка Лукашэнка ў Менску сустрэўся з амбасадарам Ірана. Ён назваў загінулага гуманістам і прапанаваў «дапамагчы Ірану».
У 2023 годзе Лукашэнка сустракаўся з Хамэнэі падчас візыту ў краіну.
Вайсковая апэрацыя ЗША і Ізраілю супраць Ірану
28 лютага Дональд Трамп аб’явіў аб пачатку супольнай з Ізраілем маштабнай ваеннай апэрацыі супраць рэжыму ў Іране. Патрэбу ў апэрацыі зьвязалі з правалам перамоваў аб іранскай ядзернай праграме.
Аятала Алі Хамэнэі й іншыя прадстаўнікі найвышэйшага іранскага кіраўніцтва былі забітыя. Прэзыдэнт Ірану Масуд Пэзэшкіян назваў забойства Хамэнэі страшным злачынствам і паабяцаў адпомсьціць. Іран пачаў апэрацыю ў адказ і нанёс удары па амэрыканскіх аб’ектах на Блізкім Усходзе.
Масква наўпрост асудзіла агрэсію Ізраілю і ЗША супраць Ірану. Улады Беларусі адрэагавалі стрымана. Лукашэнка ў першыя два дні пасьля гібелі Хамэнэі не сказаў ані слова, а МЗС Беларусі 28 лютага двойчы выступіў з заявамі. У адной прагучала заклапочанасьць абвастрэньнем канфлікту вакол Ірану. У другой заяве атака на Іран асуджаецца, але Ізраіль і ЗША не названыя, акцэнт робіцца на гуманітарным аспэкце.
Беларуская дзяржаўная авіякампанія «Белавія» празь небясьпеку ўзаемных абстрэлаў на Блізкім Усходзе скасавала шэраг рэйсаў і 2 сакавіка накіравала эвакуацыйны самалёт зь Менску ў Доху, каб забраць беларускіх турыстаў, што апынуліся ў Катары, які таксама абстрэльваў Іран.
Паводле іранскага таварыства Чырвонага Паўмесяца, у Іране загінулі больш за 200 чалавек, параненыя больш за 700. Паводле іранскага інфармацыйнага агенцтва IRNA, 118 чалавек сярод загінулых — школьнікі.
Афіцыйныя асобы Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў заявілі пра трох загінулых і 58 параненых у краіне з пачатку іранскіх атак на рэгіён Пэрсыдзкай затокі, якія сталі адказам на ваенныя апэрацыі ЗША і Ізраілю.
У выніку іранскага ракетнага ўдару па горадзе Бэйт-Шэмэш у Ізраілі, што за 40 км ад Ерусаліму, як мінімум 9 чалавек загінулі і 28 атрымалі раненьні. З пачатку новага абвастрэньня па тэрыторыі Ізраілю рэгулярна б’юць ракетамі.
2 сакавіка да баявых дзеяньняў у рэгіёне далучылася праіранская ісламісцкая групоўка «Хэзбала», якая пачала з тэрыторыі Лібану абстрэльваць Ізраіль.
У наступныя дні іранскія войскі працягвалі наносіць удары па Саудаўскай Арабіі, Бахрэйне, ААЭ, Кувэйце за іх супрацу з амэрыканцамі па разьмешчаных там амэрыканскіх актывах, а таксама па гатэлях і іншых аб’ектах. ЗША і Ізраіль працягнулі ўдары па вайсковых аб’ектах Ірану.
8 сакавіка іранская Асамблея экспэртаў абрала Муджтабу Хамэнэі новым кіраўніком краіны. Гэта 56-гадовы сын забітага паветранай атакай Алі Хамэнэі. Жонка Муджтабы Хамэнэі, Захра Хадад Адэль, таксама загінула падчас таго ж амэрыканска-ізраільскага ўдару, у якім быў забіты яе цесьць — найвышэйшы кіраўнік (рахбар) Ірану.
Форум