Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памёр прафэсар Галенчанка — гісторык, які вярнуў Скарыну сапраўднае імя

Георгій Галенчанка
Георгій Галенчанка

Навукоўца нарадзіўся ў далёкай Карэліі ў габрэйска-ўкраінскай сям'і, але зь дзяцінства жыў у Менску, дзе вывучыў беларускую мову і палюбіў культуру народу, а дарослым увайшоў у беларускую гісторыю.

Факт сьмерці Георгія Галенчанкі пацьвердзіла жонка выбітнага навукоўца.

Георгій Галенчанка нарадзіўся 28 лютага 1936 году ў Петразаводску (Карэлія). Якраз ён вярнуў Скарыну сапраўднае імя: знайшоў дакумэнт, які паказвае, што насамрэч «Георгіус» — не другое імя друкара, а прыкрая памылка, зробленая перапісчыкам у копіі дакумэнту: замест «выдатнага» — «egregius» — Францыск Скарына стаў «georgius’ам».

Расейскім гісторыкам хапіла гэтага, каб сьцьвярджаць пра прыналежнасьць Скарыны да «праваслаўнага сьвету», піша «Наша ніва». У той час як Скарына быў у сучасным разуменьні чалавекам сусьвету: друкаваў Біблію для усяго «народу руськага» ў ВКЛ, а не для пэўнай канфэсіі.

Маштабнай працай Галенчанкі стала факсымільнае выданьне Бібліі Скарыны — вялікафарматны трохтомнік у чырвонай вокладцы. Галенчанка разам з фатографам езьдзіў па сьвеце і адшукваў кнігу за кнігай, каб урэшце выдаць для беларусаў поўны камплект.

Галенчанка скончыў гістфак БДУ і асьпірантуру Гісторыка-архіўнага інстытуту ў Маскве. Толькі ў Маскве ў той час можна было абараніць настолькі культуралягічную і беларусацэнтрычную дысэртацыю — «Гісторыя беларускага кнігадрукаваньня XVI–XVIII стагодзьдзяў».

Галенчанка першы адкрыў для шырэйшага кола чытачоў кнігі, выдадзеныя на беларускіх землях у першыя стагодзьдзі існаваньня кнігадрукаваньня.

У каталозе «Кніга Беларусі 1517—1917» ён даў ня толькі падрабязна апісаньне ўсіх кніг, але і выклаў іх зьмест, што было сьмелым крокам у тагачаснай савецкай Беларусі — старадрукаваныя кнігі былі рэлігійнымі, а ўлады СССР змагаліся зь верай.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG