Мэта Кансультацыйнай групы — каардынаваць падтрымку беларускіх дэмакратычных сілаў, грамадзянскай супольнасьці і абмяркоўваць будучыню дэмакратычнай Беларусі. Сярод удзельнікаў зь беларускага боку — прадстаўнікі Аб’яднанага пераходнага кабінэту, Каардынацыйнай рады і грамадзянскай супольнасьці.
Сьвятлана Ціханоўская адкрыла паседжаньне і падзякавала Эўрапейскай камісіі і партнэрам за пасьлядоўную падтрымку Беларусі. Яна адзначыла, што за апошні год ЭЗ разам зь беларускімі партнэрамі запусьціў новыя мэханізмы падтрымкі рэпрэсаваных беларусаў, дапамогі вызваленым палітзьняволеным, а таксама ўзмацніў падтрымку незалежных мэдыя і грамадзянскай супольнасьці.
«Самае галоўнае — гэта нашыя людзі. І мы ўсе імкнёмся працаваць разам дзеля пераменаў, каб мы маглі вярнуцца дадому», — заявіла Ціханоўская, паводле яе прэсавай службы.
У панэльнай дыскусіі «Палітычнае становішча Беларусі» Ціханоўская падкрэсьліла, што будучыня Беларусі будзе ў значнай ступені залежаць ад геапалітычнай сытуацыі і разьвіцьця вайны ва Ўкраіне, але ключавым фактарам застаецца пазыцыя беларускага народу:
«Разьвіцьцё падзеяў у Беларусі ў значнай ступені залежыць ад вайны ва Ўкраіне. Калі будзе заключана перамір’е, гэта можа стварыць новы імпульс і для Беларусі. Але калі адбудзецца эскаляцыя, Беларусь можа зноў стаць трамплінам для расейскай агрэсіі», — падкрэсьліла Ціханоўская.
«Пытаньне ў тым, якой будзе Беларусь пасьля Лукашэнкі — і што мы можам зрабіць, каб ставіць Беларусь на дэмакратычны і эўрапейскі шлях, калі надыдзе гэты момант. Шмат што з таго, што мы робім цяпер, зьвязана з падрыхтоўкай: стварэньнем інфраструктуры, забесьпячэньнем легітымнага прадстаўніцтва, стварэньнем інструмэнтаў і каналаў, якія могуць адыграць ключавую ролю ў момант зьменаў», — удакладніла яна.
Першае паседжаньне Кансультацыйнай групы паміж Эўразьвязам і беларускімі дэмакратычнымі сіламі і грамадзянскай супольнасьцю прайшло ў Брусэлі ў чэрвені 2023 году.
Форум