Як адзначаецца ў паведамленьні МЗС Беларусі, плян падпісалі па выніках сустрэчы намесьніка міністра Ігара Сякрэты з кіраўніком прадстаўніцтва Міжнароднай фэдэрацыі таварыстваў Чырвонага Крыжа ў Беларусі Франкам Мархаўэрам.
«Плян супольных дзеяньняў беларускага боку з МФЧК падпісалі ўпершыню. Дакумэнт прадугледжвае комплекс інфармацыйных і практычных мерапрыемстваў, накіраваных на вырашэньне сучасных выклікаў у сфэры пераадольваньня надзвычайных сытуацый і міграцыі ў рэгіёне», — адзначаецца ў паведамленьні МЗС Беларусі.
Клястарнае прадстаўніцтва Міжнароднай фэдэрацыі таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца (МФЧК) у Расеі і Беларусі зьяўляецца пасярэднікам у абменах ваеннапалоннымі і целамі загінулых паміж Расеяй і Ўкраінай.
Што папярэднічала
У кастрычніку 2023 году ўправа Міжнароднай фэдэрацыі Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца прапанавала Беларускаму Чырвонаму Крыжу да 30 лістапада таго ж году вызваліць з пасады генсакратара арганізацыі Дзьмітрыя Шаўцова.
Прэтэнзіі да Шаўцова ўзьніклі пасьля ягоных візытаў у акупаваныя Расеяй украінскія гарады Луганск і Данецк, а таксама заяваў пра перамяшчэньне ўкраінскіх дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторый, пра магчымасьць нанясеньня па краінах Захаду ядзернага ўдару.
Аднак XXVI зьезд Беларускага Чырвонага Крыжа прыняў аднагалоснае рашэньне аб працягу працы Дзьмітрыя Шаўцова на займанай ім пасадзе генэральнага сакратара.
1 сьнежня 2023 году Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа празь невыкананьне рашэньня ўправы страціла статус сябра ў Міжнароднай фэдэрацыі таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца (МФТЧКіЧП), а разам з гэтым і міжнароднае фінансаваньне.
У 2025 годзе Дзьмітры Шаўцоў быў даверанай асобай кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнкі на выбарах 26 студзеня. Цяпер зьяўляецца дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі.
Форум