Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі зьліквідавалі ўжо больш за 2000 грамадзкіх арганізацыяў

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Улады Беларусі ў 2020 годзе пачалі і працягваюць далей ліквідацыю няўрадавых аб’яднаньняў, прафсаюзаў, фондаў, недзяржаўных установаў.

З 2020 году як мінімум 2012 беларускіх грамадзкіх аб’яднаньняў, установаў, асацыяцыяў і фондаў зьліквідаваныя ці знаходзяцца ў стадыі ліквідацыі, паведаміла праваабарончая арганізацыя Lawtrend.

За мінулы месяц зьліквідаваных некамэрцыйных арганізацыяў пабольшала на 17. Згодна з маніторынгам Lawtrend, з пачатку 2021 па канец лютага 2026 году прымусова зьліквідавалі ня менш за 1235 некамэрцыйных арганізацыяў розных арганізацыйна-праўных формаў.

Lawtrend — праваабарончая арганізацыя, якая рэгулярна праводзіць маніторынг сытуацыі з свабодай асацыяцыяў і стану грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі. Паводле яе высноваў, у лютым 2026 году ў Беларусі працягвалася сыстэмнае звужэньне прасторы для дзейнасьці арганізацый грамадзянскай супольнасьці, уключаючы зарэгістраваныя грамадзкія абʼяднаньні, фонды і ўстановы.

«Праўнае і фактычнае становішча АГС працягвае характарызавацца высокім узроўнем адміністрацыйнага ціску, рызыкамі прыцягненьня да адказнасьці за невыкананьне фармальных патрабаваньняў заканадаўства, а таксама абмежаваным доступам да фінансавых і іншых рэсурсаў», — адзначаюць праваабаронцы ў высновах маніторынгу за люты 2026 году.

Паводле Міністэрства юстыцыі Беларусі, на 1 студзеня 2026 году ў Рэспубліцы Беларусь былі зарэгістраваныя 4 праўладныя палітычныя партыі і 1337 грамадзкіх арганізацыяў.


XS
SM
MD
LG