Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларус Ільля Волах, абвешчаны ў вышук Інтэрполу за махлярства, адкрыў школу ў Варшаве і трапіў у новы скандал

У школе, ілюстрацыйнае фота
У школе, ілюстрацыйнае фота

Цяпер у мужчыны могуць зьявіцца праблемы з законам ужо ў Польшчы.

У Варшаве бацькі, чые дзеці наведваюць прыватную школу American Elite School, пачалі біць трывогу, калі ўбачылі, што ўстанова праводзіць заняткі, спаганяе плату за навучаньне, абвясьціла набор на наступны год, але яна больш не зарэгістраваная ў польскай сыстэме адукацыі.

Бацькі забілі трывогу, калі з Упраўленьня сацыяльнага страхаваньня (ZUS) ім сталі прыходзіць лісты з патрабаваньнем вярнуць атрыманую дапамогу на дзяцей паводле праграмы «800+», піша выданьне Most.

Замежнікі ў Польшчы могуць атрымліваць гэтую дапамогу, толькі калі іх дзеці школьнага ўзросту займаюцца ў польскай сыстэме адукацыі. Праверка ў сыстэме інфармацыі аб адукацыі (SIO) паказала, што яны там не зарэгістраваныя.

American Elite School (прыватную школу № 99) выключылі з рэестру школаў 31 жніўня 2025 году, за дзень да пачатку навучальнага году. Праверка паказала, што школа не выконвае пяці асноўных умоваў.

У тым ліку яна не рэалізуе навучальных праграмаў, якія ўлічваюць асноўную праграму агульнай адукацыі Польшчы. Па-польску ў школе не гавораць ні вучні, ні настаўнікі. Замест гэтага школа рэалізуе Оксфардзкую праграму, а вучні займаюцца выключна па брытанскіх падручніках. Дакумэнтацыя навучаньня адсутнічае. Адна з праверак выявіла, што настаўнік, які вёў заняткі па матэматыцы, інфарматыцы і выяўленчым мастацтве, ня меў ніякай пэдагагічнай падрыхтоўкі.

У школе навучаецца больш за сто дзяцей — з нулявой па восьмую клясы. Невядома, ці залічаць ім гэты навучальны год, ці ім давядзецца прайсьці навучаньне паўторна. Вучні ў школе — прыежджыя, пераважна з Украіны ды Індыі. Плата за навучаньне складае (у залежнасьці ад узросту дзіцяці) ад 42,2 тыс. да 56,2 тыс. злотых у год (ад 11,4 тыс. да 15,2 тыс. даляраў).

Бацькам, занепакоеным патрабаваньнем вярнуць дапамогу на дзяцей, у школе сказалі, быццам адбылася памылка ва ўпраўленьні адукацыі і яе выправяць цягам некалькіх тыдняў. Школа нават накіравала ім лісты зь пячаткамі, каб пацьвердзіць, што дзеці наведваюць установу адукацыі. Гэта павінна быць доказам, што ім належыць дапамога «800+».

У кастрычніку 2025-га бацькам даслалі дадатак да дамоваў, у якім дырэкцыя падала новыя нумары рахункаў для аплаты навучаньня. Журналісты даведаліся, што гэта прыватныя рахункі, якіх няма ў афіцыйным пераліку суб’ектаў, зарэгістраваных як платнікі ПДВ. Пад дакумэнтамі стаяць подпісы Ільлі Волаха / Слакатовіча ці яго правай рукі Аляксандры Катушонак.

Махлярства вакол будаўніцтва

У Беларусі Ільлю Волаха вінавацілі ў махлярстве пры будаўніцтве жылога комплексу «Грушаўскі пасад». Паводле сьледзтва, у 2016–2020 гадах бізнэсовец прыцягнуў 58 млн рублёў у будаўніцтва комплексу, але 24 млн з іх патраціў на куплю асабістай нерухомасьці, дарагіх аўтамабіляў і прадметаў раскошы. Ад яго дзеяньняў пацярпелі 430 чалавек. У 2024 годзе Волаха асудзілі на 10 гадоў калёніі. Але суд адбыўся завочна, бо яшчэ да яго прадпрымальнік пераехаў у Польшчу, атрымаў польскае грамадзянства і зьмяніў прозьвішча на Слакатовіч.

Беларусь абвясьціла Волаха ў вышук па «чырвонай ноце» Інтэрполу. У Польшчы яго дапыталі ў пракуратуры, але ў Беларусь ня выдалі праз асьцярогі, зьвязаныя з парушэньнямі правоў чалавека ў Беларусі. Акрамя таго, Канстытуцыя Польшчы забараняе выдаваць сваіх грамадзян іншым дзяржавам.

Наступны раз імя Волаха зьявілася ў польскай прэсе ўлетку 2025-га. Супрацоўнікі рэстарацыі, якую ён адкрыў у Варшаве, а потым закрыў, дамагаліся выплаты заробку.

Варшаўскія ўлады абяцаюць знайсьці месцы ў дзяржаўных школах усім вучням, якія захочуць наведваць гарадзкія ўстановы адукацыі. Кіраўніцтва школы абскардзіла рашэньне аб закрыцьці ў ваяводзкім адміністрацыйным судзе ў Варшаве. Але згодна з законам, падача скаргі ў суд не прыпыняе выкананьня вынесенага рашэньня.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG