Аляксандар Лукашэнка прызначыў новага амбасадара ў Славаччыне празь пяць гадоў пасьля адстаўкі з гэтай пасады Ігара Ляшчэні, які ў 2020 годзе падтрымаў патрабаваньні новых свабодных выбараў у Беларусі.
Як паведаміў Telegram-канал прэсавай службы Аляксандра Лукашэнкі, ім стаў Ігар Фісенка, кадравы дыплямат.
Ігар Фісенка закончыў Маскоўскі дзяржаўны інстытут міжнародных дачыненьняў у спэцыяльнасьці правазнаўства, у сыстэме МЗС Беларусі пачаў працаваць у 1994 годзе. Працаваў у амбасадзе Беларусі ў Бэльгіі, быў сталым прадстаўніком пры ЭЗ і NATO. Пазьней ачольваў дыпляматычныя місіі Беларусі ў Эгіпце і па сумяшчэньні ў Амане, Судане і Альжыры. У 2019 годзе прызначаны на пасаду надзвычайнага і паўнамоцнага пасла ў Францыі і па сумяшчэньні ў Манака, Партугаліі і прадстаўніком пры UNESCO ў Парыжы. У 2021 годзе застаўся толькі на апошняй пасадзе.
Пра аднаўленьне дзейнасьці амбасады Беларусі ў Славаччыне стала вядома ў лістападзе 2025 году, калі адпаведную пастанову падпісаў прэм’ер-міністар Аляксандр Турчын. Плянавалася, што гэта адбудзецца да 1 верасьня 2026 году.
Беларусь закрыла амбасаду ў Браціславе ўвосень 2023 году. Апошнім амбасадарам Беларусі ў Славаччыне быў Ігар Ляшчэня, які падаў у адстаўку ў жніўні 2020 году.
Тады дыплямат Ігар Ляшчэня, былы памочнік Лукашэнкі, выступіў у падтрымку беларусаў, якія выйшлі на мірныя пратэсты пасьля выбараў прэзыдэнта 2020 году.
Прэм’ер-міністар Славаччыны Робэрт Фіца сустракаўся з Лукашэнкам летась у верасьні ў Пэкіне, ішла гаворка пра візыт Фіцы ў Беларусь.
Фіца і Лукашэнка наведвалі Кітай для ўдзелу ў цырымоніях на 80-годзьдзе перамогі над Японіяй і заканчэньня Другой усясьветнай вайны.
Да нядаўняга часу Славаччына была пасьлядоўным крытыкам рэжыму ў Менску. Беларуская дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская некалькі разоў наведвала гэтую краіну, сустракалася з папярэдняй славацкай прэзыдэнткай Зузанай Чапутавай (кадэнцыя якой завяршылася 15 чэрвеня 2024 году) і міністрамі.
Аднак увосень 2023 году на парлямэнцкіх выбарах у Славаччыне перамагла левацэнтрысцкая партыя «Кірунак — сацыяльная дэмакратыя» на чале зь Фіцам, які чацьвёрты раз стаў прэмʼер-міністрам краіны.
Пасьля прыходу да ўлады Фіцы Браціслава вярнула амбасадара ў Беларусь. Славаччына і Вугоршчына, урад якой узначальвае прэмʼер Віктар Орбан, — адзіныя краіны Эўразьвязу, прадстаўленыя ў Беларусі на ўзроўні амбасадараў. Іншыя дзяржавы ЭЗ пасьля падзеяў 2020 году абмежавалі дыпляматычную прысутнасьць да ўзроўню часовых павераных.
Форум