Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадзенскай і Берасьцейскай вобласьцях пачаліся падтапленьні

Патапленьне прыватнага сэктару ў Лельчыцах вясной 2016 году. Ілюстрацыйнае фота
Патапленьне прыватнага сэктару ў Лельчыцах вясной 2016 году. Ілюстрацыйнае фота

У трох раёнах Горадзенскай вобласьці падтапіла прыватныя дамы.

Як паведаміў дзяржаўны тэлеканал «Беларусь 4», праз актыўны сыход сьнегу падтапіла 9 прыватных дамоў у Горадзенскім і Ваўкавыскім раёнах, а таксама ў горадзе Сьвіслачы.

Супрацоўнікі абласнога ўпраўленьня Міністэрства надзвычайных сытуацыяў Беларусі «апэратыўна адпампавалі ваду» з будынкаў і дапамаглі ачысьціць сыстэмы ліўневай каналізацыі. Эвакуацыю мясцовых жыхароў не праводзілі.

У Берасьцейскай вобласьці, як паведаміў дзяржаўны тэлеканал АНТ, затапіла плянтацыю трускавак на плошчы амаль 1,5 гектара зямлі. Але фэрмэры змаглі ўратаваць пасевы.

Падняўся ўзровень вады і на Сажы ў Гомельскай вобласьці, аднак гідролягі пакуль не выказваюць трывогі з гэтай нагоды.

«Нешта, вядома, зямля прымае, але большая частка ідзе ў рэкі. Масты не зьнясе. Мяркую, усё будзе нармальна. Пакуль для нашай вобласьці, што [тэмпэратура ўначы] ідзе ў мінус і ў невялікі плюс [удзень], гэта вельмі добра», — сказала кіраўніца групы гідралёгіі філіялу «Гомельаблгідрамэт» Вольга Калугіна.

Паводле прагнозаў, сёлета празь вялікі запас сьнегу пад вадой можа апынуцца да 60% тэрыторыі Беларусі. Найбольш ад такіх зьяваў цярпіць Гомельская вобласьць. Вясновая паводка традыцыйна пачынаецца на Прыпяці, Сажы і Дняпры.

Найбольшая паводка ў Гомельскай вобласьці адбылася ў 2023 годзе. Тады пад вадой апынуліся сотні падворкаў, жылых дамоў і гаспадарчых пабудоваў, а людзей часова адсялялі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG